Маладзечанка Кацярына Загарыя праляцела 22 гадзіны над акіянам, каб пагасціць у дзядзькі ў Аўстраліі, дзе цяпер вясна ў самым разгары.
Першае пытанне, якое Кацярыне задалі сябры паля таго, як яна прыляцела на месца: “Ужо бачыла кенгуру і каал? Якія яны, сапраўдныя?”
– Амаль у першы дзень свайго падарожжа я папрасілася ў парк, які тут называецца “Дзікі свет”, – расказвае Кацярына. – Вельмі хацелася на свае вочы пабачыць кенгуру. А тут яны, аказваецца, зусім ручныя. Спакойна даюць сябе пагладзіць. Дзіўна было тое, што відаў кенгуру тут не менш за пяць: рудыя, паласатыя. Кенгуру, якія больш падобныя на мышэй, чым на кенгуру.
А вось каалы аказаліся цяжкімі і гарачымі. І гладзіць іх можна толькі па спіне, таму што, калі дакранешся да іх галавы, яны могуць палічыць, што ты іх атакуеш, і накінуцца ў адказ. Такія неўраўнаважаныя і агрэсіўныя гэтыя мілыя плюшавыя мядзведзікі.
Кенгураціну замаўляюць толькі турысты
Аўстраліская кухня, прызнаецца Кацярына, нічым асаблівым не вылучаецца. Тут шмат звычайных кафэшак на кожным рагу, яшчэ больш сушы-бараў. Аўстралійцы любяць морапрадукты і садавіну.
Сказаць, што садавіна тут экзатычная, нічога не сказаць. Фрукты абсалютна непадобныя на нашы звыклыя апельсіны і бананы. Чаго варты толькі фрукт з шакаладнага дрэва. Ён пахне шакаладам, а смак нагадвае шакаладны пудынг.
Бананаў тут тры розныя віды.
– Мне асабіста больш за ўсё спадабаўся арэх макадаміі. Па-вар’яцку смачны!
Аўстралійскія грошы ў вадзе не мокнуць
Што датычыцца цэнаў, у пераліку на нашы грошы атрымоўваецца тое самае.
Напрыклад, паўкілаграма сырога стэйка з кенгураціны каштуе дзевяць аўстралійскіх долараў (108 тысяч рублёў).
Адзінае, што заробкі аўстралійцаў непараўнальна большыя за беларускія.
Працуючыя жыхары Аўстраліі атрымоўваюць 40-50 тысяч аўстралійскіх долараў у год (1 аўстралійскі долар = 12 000 рублёў).
– Грошы тут асаблівыя: яны не пэцкаюцца, не намакаюць і не мнуцца.
Рэжым дня: адбой у 21:00
Сонца над Аўстраліяй заходзіць рана. Прыкладна ў гадзін пяць-шэсць. І цямнее так хутка, што не паспяваеш заўважыць гэта.
Восем вечара для аўстралійцаў ужо ноч. У дзевяць вечара на вуліцах ціха і пуста – усе спяць.
Але і раніца тут пачынаецца вельмі рана. У чатыры гадзіны вуліцы запаўняюцца людзьмі – аўстралійцы выходзяць на ранішнюю прабежку.
Снедаюць яны кавай з пірожнымі, батонамі, булкамі.
Ад гэтага і спартыўныя залы працуюць тут 24 гадзіны ў суткі.
Жыхары Аўстраліі жывуць у адна і двухпавярховых дамах. Вышынныя толькі ў цэнтры. І гэта гасцініцы ці забаўляльныя цэнтры для турыстаў.
У гарадах створаныя ўсе ўмовы для інвалідаў. Паўсюль ліфты, спецыяльныя пад’ёмы. Тут пра інвалідаў думаюць і клапоцяцца.
З бадзяжнымі жывёламі строга
У Аўстраліі зусім няма бадзяжных жывёл. Свайго хатняга гадаванца кожны гаспадар павінны зарэгістраваць, зрабіць прышчэпку. Калі жывёліне спаўняецца паўгода, яе лягчаюць.
Калі сабака раптам збягае з дому, яго ўсыпляюць. Таму што жывёла нявыхаваная і можа быць небяспечнай.
У кожным квартале ёсць спецыяльныя пляцоўкі для выгулу сабак. Тут жа стаяць місачкі, каб можна было папаіць жывёлу, і кранікі з вадой, каб яе набраць або памыць сабаку, які выпацкаўся. Таксама на кожнай пляцоўцы ляжаць спецыяльныя пакецікі, каб прыбраць за сваім гадаванцам.
Адным словам, сабакі тут – паўнавартасныя члены сям’і. І калі раптам хто ўбачыць, што ты ўдарыў свайго сабаку, тут жа выкліча паліцыю. На першы раз гаспадар заплаціць штраф, на другі жывёлу ў яго забяруць.
Аўстралія вельмі строгая краіна.
Горад Голд Кост: прыязджайце глядзець на кітоў
Кацярына пасялілася ў горадзе Голд Кост, які месціцца на самым беразе акіяна. Узбярэжжа цягнецца ўздоўж акіяна 70 кіламетраў. Вада ў акіяне цёплая, каля 20 градусаў, і пясок тут дробны-дробны. Калі ходзіш па ім, адчуванне, што ступаеш па крухмале. І хрумсціць ён гэтак жа.
Горад Годл Кост унікальны тым, што з-за цёплай вады сюды прыплываюць кіты, каб нараджаць і выхоўваць сваіх дзяцей. Турысты з усяго свету едуць, каб паглядзець, як кіціха вучыць плаваць сваіх кіцянят.