У ліпені Тадэвуш Козел-Паклеўскі паспеў наведаць радзіму і даць інтэрв’ю “РГ”.

Пра сумную падзею распавёў кіраўнік вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў Дзяніс Канецкі. Яму даслаў ліст з Польшчы ўнук Тадэвуша Даніэль, які паведаміў, што дзядуля на днях пайшоў з жыцця.

Падчас размовы з карэспандэнтам “РГ” спадар Тадэвуш сказаў, што паездка на радзіму была складанай фізічна: “За два тыдні да выезду мне далі кардыёстымулятар. А за дзень я паўдня быў у бальніцы, каб зрабілі рэгуліроўку, але ўсё ж дазволілі ехаць”.

Мужчына ў свае 83 гады заўзята працаваў: “Я пачаў працаваць у лютым 1950 года, і цяпер працую. Думаю, што яшчэ ёсць работы на некалькі год, яшчэ ўсё не закончыў. Самая лепшая фармакалогія – працаваць, не зніжаць дынаміку жыцця”.

Тадэвуш Козел-Паклеўскі нарадзіўся 16 студзеня 1932 года. Сваё дзяцінства правёў у маёнтку ў Кастыках на Вілейшчыне.

У 1939 годзе ён разам з маці, братам і сёстрамі паехаў у Вільню, як параіў знаёмы. Бацька вярнуўся на Вілейшчыну, дзе яго забілі ў вілейскай турме.

Сям’я пераехала ў Польшчу. Там Тадэвуш жыў і працаваў. Некалькі разоў вяртаўся на радзіму, да месца, дзе ляжаць бацькавы косткі.

Цалкам інтэрв’ю з апошнім прадстаўніком роду, які нарадзіўся на Вілейшчыне, чытайце на нашым сайце: Апошні са славутага роду Козелаў-Паклеўскіх, хто нарадзіўся на Вілейшчыне: “Мы прыехалі на святое месца, дзе косці расстралянага бацькі”.

Вялікі Сэрвач – “раскіданае гняздо” Козелаў-Паклеўскіх