Ужо трэці раз запар Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы становіцца цэнтрам правядзення ўнікальнай этнаграфічнай дзеі. Тут з ініцыятывы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) ладзіцца старажытнае беларускага свята восеньскага раўнадзенства Багач (ці Багатнік, Багатуха, Гаспожка…), піша “Новы час” і tut.by.

Трэба адзначыць, што Багач супадае з царкоўнымі святамі Малая Прачыстая, Другая Прачыстая, Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы. Гэтае старажытнае свята вянчала ўборку зерневых, завяршэнне палявых работ. У некаторых раёнах свята альбо сумежныя з ім дні лічыліся пачаткам восені.

Ну а пра вытокі Багача найбольш дакладна выказаўся Адам Ягоравіч Багдановіч у сваёй працы “Перажыткі старажытнага светасузірання беларусаў”(1895): “Ёсць факты, якія прымушаюць думаць, што “багач” — адно з земляробчых бостваў дахрысціянскага перыяду, адно са змяненняў нестараўскага Даждж-бога сонца, бога дабрабыту, багацця, пра якое і гаворыць і само яго імя… Галоўную ролю ў абрадзе выконвае “багач” ці “багатце”. Гэта “лубка” іржы з устаўленай у яе васковай свечкай. “Багач” стаіць на працягу цэлага года ў хаце гаспадара ў ганаровым куце пад іконамі…” Сучасныя ж этнографы падкрэсліваюць, што згодна з павер’ем нашага народа, Багач забяспечваў сям’і добры ўраджай і шчасце. На Багач руплівы гаспадар да ўсходу сонца засяваў поле асвечаным жытам: “Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку”.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Ініцыятары адраджэння і святкавання Багача — сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, дарэчы, акрэдытаванага пры ЮНЭСКА ў якасці калектыўнага эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне, прадставілі разнастайную праграму сёлетняга “Багача”. Па-першае, святкаванне распачалося ў сталічным клубе “РЕ:ПАБЛІК”, дзе студэнты ў гарадскіх умовах аднавілі гэты земляробчы абрад. Ну а станоўчыя ўражанні ад убачанага былі падмацаваныя сучаснымі і сярэднявечнымі фолк-рытмамі гуртоў “Стары Ольса”, “Рокаш” і “Irdorath”.

Больш аўтэнтычная, насычаная інфармацыяй і відовішчамі праграма чакала аматараў айчыннага фальклору ў Вязынцы, на жывапіснай тэрыторыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, менавіта тут разгортваліся асноўныя падзеі святкавання “Багача”. Сапраўды, дождж унёс свае карэктывы ў яго праграму. Планавалася, што на цэнтральнай плошчы дажыначныя песні заспяваюць фальклорныя калектывы “Горыць”, “Варган”, “Дайнова”, “Мярэжа”, “Рутвіца”. Але арганізатары, у адпаведнасці з канцэпцыяй свята “выканаўцы і слухачы — адно цэлае”, прапанавалі стварыць зводны фальклорны гурт для ўсіх жадаючых заспяваць. Менавіта гэты галасісты калектыў і распачаў “Багач–2015”.

Сябры СЭТ пад цудоўныя народныя спевы аднавілі абрад: у плецены з лазы кошык з ільняных мяшочкаў ссыпалі падрыхтаванае зерне з мэтай замацаваць у ім васковую свечку-Багач, вырабленую яшчэ ў мінулым годзе. Гэтая простая, на першы погляд, дзея суправаджалася і частаваннем тых, хто прывёз з сабою пшаніцу ці жыта. Пачастунак быў знатным: луста хатняга свежавыпечанага хлеба з мёдам сёлетняга збору… Сапраўды, гіт на ўсе часы!

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

На тэрыторыі музея адноўлена некалькі аўтэнтычных вясковых хат. Пасля ўсталявання Багача, у адной з іх распачалася танцавальная вечарына. Тут рэй вялі танцоры і музыканты клуба традыцыйнага танца “Сіта”. І хоць памяшканне не ўмяшчала ўсіх жадаючых пусціцца ў скокі, танцоры і ўсе ахвочыя дэманстравалі свой імпэт і ўменне па чарзе: “Полечку” змянялі “Грачанікі”, “Падыспань”, астатнія пускаліся ў скокі пад рытмы “Карапета”…

Вялікую цікаўнасць выклікала і тэарэтычная частка святкавання. Нагадаю, што Студэнцкае этнаграфічнае таварыства надае шмат увагі даследніцкай і экспедыцыйнай дзейнасці, яго ўдзельнікі публікуюць вынікі сваіх пошукаў у рэспубліканскай прэсе і на інтэрнэт-старонках, прысвечаных беларускаму фальклору і этнаграфіі. Адзін з такіх маладых даследчыкаў беларускай міфалогіі і паганства, гісторык Зміцер Скварчэўскі прачытаў наведвальнікам музея лекцыю “Святы восеньскага раўнадзенства ў беларускім народным календары”, у якім распавёў пра вытокі Багача, яго паганскія карані і этнаграфічныя асаблівасці, патлумачыў вытокі розначытання дакладнай даты восеньскага раўнадзенства. Лекцыя дазволіла больш поўна асэнсаваць структуру беларускага народнага календара і месца ў ім свята Багач.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Працягам лекцыі стаў захапляльны для гарадскіх жыхароў практыкум па вырабу з воску “Свечкі на Багач”. Сапраўды, адны з прысутных трымалі вяровачную асновы свечкі — кнот, іншыя ж разміналі ў руках воск, каб ён станавіўся мяккім і падатлівым, астатнія — прымацоўвалі воск да кноту. Паколькі ў практыкуме пажадалі ўдзельнічаць занадта шмат маладых людзей, без належнай арганізаванасці і каардынацыі, увесь практыкум мог звесціся да агульнага вэрхалу. Але яго вядоўца — Зміцер Скварчэўскі — тактоўна нагадваў пра тэхналагічныя асаблівасці вырабу свечкі, пра верагодныя памылкі і недакладнасці, каардынаваў увесь творчы працэс. У выніку калектыўных намаганняў, пад агульныя задаволены апладысменты, была выраблена свечка-Багач на наступны год!

Гэтая сімвалічная падзея ўзняла настрой і іншым удзельнікам святкавання, якія наладзілі танцы пад аркестрык на сядзібе Музея. Там жа ў выкананні спявачак гучалі народныя песні абрадавага і каляндарнага цыклаў, а завяршылася вакальная частка свята спаборніцтвам выканаўцаў (як хлапцоў, так і дзяўчат) па народных і аўтарскіх прыпеўках.

Станоўчы эмацыянальны стан усіх прысутных на свяце спрыяў таму, што дажджавыя хмары збольшага рассеяліся і вызірнула ласкавае восеньскае сонейка. Яшчэ адна прычына, каб наведаць і палюбавацца маляўнічымі купалаўскімі мясцінамі, пазнаёміцца з абноўленай экспазіцыяй Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, асэнсаваць убачанае і памарыць пра тое, як прыехаць у Вязынку на Багач наступным годам…

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.

Фота Вадзіма Заміроўскага, news.tut.by.