Паўмарафон “Залатая восень”, прымеркаваны да Дня машынабудаўніка, прайшоў у сталіцы ў нядзелю, 27 верасня. Усе ўдзельнікі з Маладзечна вярнуліся з прызамі.

Як распавёў пастаянны ўдзельнік прабегаў маладзечанец Васіль Лябецкі, нягледзячы на надзвычай неспрыяльнае надвор’е, на дыстанцыю выйшла каля 300 бегуноў з усёй Беларусі.

Беглі адзін, 12 і 21,1 кіламетра. Стартавалі каля культурна-спартыўнага і забаўляльнага комплексу “Чыжоўка-Арэна”.

– Я шмат гадоў удзельнічаю ў забегах, не першы раз і ў “Залатой восені”, – распавядае спадар Васіль. – І ніколі раней такога жудаснага надвор’я не было. Аднак што ж зробіш, пераапрануліся і пабеглі. Толькі пад канец, калі ўганароўвалі пераможцаў, дождж крыху суцішыўся. Пасля ўжо нас частавалі і гарбатай, і печывам, і абаранкамі – можна было аб’есціся.

Васіль Лябецкі, які бег 21,1 кіламетра, заняў першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі 65-69 гадоў.

Акрамя асабістых падарункаў, усёй маладзечанскай камандзе “Рэгіён” падарылі кавун.