Афіцыйнае адкрыццё адбылося падчас чарговай выязной сесіі Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў 29 верасня.

Як распавёў старшыня сельвыканкама Алег Горбач, будынак гатовы прыняць работнікаў, стаіць мэбля. Але пераедуць у новабуд у другой палове кастрычніка.

Сельвыканкам перанеслі з вёскі Мясата ў аграгарадок Выверы. Так больш зручна для большасці жыхароў: калі Мясата на ўскрайку тэрыторыі сельвыканкама, то Выверы прыкладна ў цэнтры.

Будаўніцтва офіса пачалі ў 2010 годзе. Цяпер акрамя кабінетаў для прадстаўнікоў мясцовай улады ў сельвыканкаме ёсць пакой для жаніха і нявесты, зала, у якой можна праводзіць пасяджэнні ці рэгістрацыі шлюбу.

Дэпутаты адзначылі адкрыццё пасадкай дрэў. Усяго паабапал сельвыканкама пасадзілі 27 дрэў. Чаму менавіта 27? Таму што іх пасадзілі дэпутаты 27-га склікання, адказаў Алег Горбач.