У выхадныя нас чакае адносна цёплае надвор’е – прагназуюць, што днём паветра прагрэецца да +19. Прапануем вашай увазе не менш цёплую і энергічную праграму. Вы можаце адпачыць у кінатэатры альбо з’ездзіць на адкрыццё воркаўт-пляцоўкі ў Вілейку, альбо пабыць на Мядзельшчыне на свяце сярэднявечнай культуры.
Прыгодніцкая анімацыя “Перапалох у джунглях” стане добрым выбарам для адпачынку з дзецьмі. Заўважце, вытворцы карціны – Мексіка і Паўднёвая Карэя. Такі творчы дуэт не самы распаўсюджаны ў кінематографе. Таму спадзяёмся, што карціна здзівіць гледачоў, якія прывыклі да галівудскіх анімацый.
Прыемны бонус – выява ў фармаце 3D.
Ацэньваем беларускі фільм
Прэм’ера беларускага нацыянальнага кінапраекта “Мы, браты…” адбылася ў чацвер, 24 верасня. Арцём Гарбацэвіч з “Нашай нівы” ацаніў карціну як поўны правал з вельмі нізкім рэйтынгам – 2 балы з 10.
Магчыма, частцы нашых чытачоў захочацца схадзіць на фільм з цікаўнасці: што ж гэта за твор, на які выдаткавалі пяць мільёнаў долараў, а здымалі два гады.
Меладрама “Сірэна” зноў злучыла на экране Джэніфер Лоўрэнс і Брэдлі Купера.
Калі вам спадабалася гэтая парачка ў кіно “Зборнік праменьчыкаў надзеі” (ці “”Мой хлопец – псіх”), то вы будзеце з захапленнем назіраць за імі ў іншых дэкарацыях. Час Вялікай дэпрэсіі, час выпрабаванняў і аголеных пачуццяў.
“Для кровазліцця ў мозг трэба як мінімум мець мозг”. Камедыя “Каханне ад усіх хвароб” сустрэне вас гумарам на тэму медыцыны і ўзаемадносін.
У кінатэатры “Мір” у Вілейцы на выхадных драма “Вылечыць страх”. Яна распавядае пра лёс святара і таленавітага хірурга Свяціцеля Лукі (Война-Ясенецкага), які ратаваў людзей у час вайны, але не змог выратаваць самага дарагога чалавека.
Рэпертуар цалкам чытайце тут.
Канцэрты
У канцэртнай зале Маладзечанскага Палаца культуры 2 кастрычніка адбудзецца раённае свята, прысвечанае Дню настаўніка.
У этнакультурным комплексе “Наносы-Наваселле” на Мядзельшчыне анансавалі на 3 кастрычніка дзень сярэднявечнай культуры. Пачатак а 12 гадзіне. Мерапрыемства платнае.
Аматарам спорту
У другі раз у Вілейцы паспрабуюць адкрыць воркаўт-пляцоўку ў гарадскім парку. У мінулую суботу зрабіць гэта перашкодзіў моцны дождж.
Цяпер адкрыццё прызначана на суботу, 3 кастрычніка, а 13 гадзіне.
У праграме – выступленні камандаў па воркаўце з Вілейкі і Мінска, у тымі ліку рэкардсмена свету ў воркаўце Максіма Труханаўца, конкурсы з гледачамі.
Паназіраць за птушкамі
3 і 4 кастрычніка пройдуць Восеньскі дні назірання за птушкамі EuroBirdwach2015. Паназіраць за птушкамі можна будзе і ў Мядзеле. Назіральная пляцоўка будзе працаваць 3 кастрычніка з 10 гадзін на вуліцы Набярэжная, паведамляе “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.