Сёння, 3 кастрычніка, Германія адзначае нацыянальнае свята – Дзень нямецкага адзінства. У гэты дзень у 1990 годзе адбылося афіцыйнае аб’яднанне дзвюх нямецкіх дзяржаў: ФРГ і ГДР. Гэтаму папярэднічала падзенне Берлінскай сцяны 9 лістапада 1989 года.

Марк Ноер, 48-гадовы менеджар, жыхар Штутгарта, расказвае нашаму выданню пра падзеі тых дзён:

– 9 лістапада 1989 года я добра памятаю. Знаходзіўся у казарме. Праходзіў кантрактную службу пасля тэрміновай і за падзеямі назіраў па тэлевізары. Калі сцяна пала, мы не маглі ў гэта паверыць!

Маці Марка Інгрыд яшчэ да ўзвядзення сцяны разам са сваімі блізкімі перабралася з Гёрліца, горада на самым усходзе ГДР, у ФРГ. У ГДР жа застаўся адзін з родных братоў, іншыя сваякі. І такіх прыкладаў станавілася ўсё больш і больш:

– Таму і сцяну збудавалі.

Марк Ноер кажа, што заходнім немцам было прасцей прыехаць да сваякоў у ГДР. Усходнім жа на Захад – куды цяжэй. Адзінай магчымасцю для іх былі паездкі на пахаванне сваякоў. І то паасобку, а не сям’ёй – каб не дай бог усе ра­зам не збеглі:

– Калі тут памерла мая бабуля, з Усходу на пахаванне прыехаў толькі яе сын. Астатніх не пусцілі.

Двойчы Марк прыязджаў са сваімі бацькамі ў ГДР. Першы раз у 8-гадовым узросце. Што яго ўразіла ў краіне на ўсходзе? Нізкія цэны і вялізныя чэргі… Вялікая колькасць вайскоўцаў і паліцыі.

– Калі былі ў Берліне, то не маглі пазбавіцца адчування, што ўсходнім нашым сваякам было неяк няёмка з намі. Мабыць, баяліся быць абвінавачанымі ў сувязях з заходнімі грамадзянамі.

Мой субяседнік згадвае выпадак, калі нейкія хуліганы скралі з БМВ Маркавага бацькі эмблему. Той заявіў у міліцыю. Яго апытвалі ў пастарунку каля паўгадзіны. А сваяка-ўсходніка пасля – дзве:

– Пра што можна было размаўляць дзве гадзіны? – перапытвае сам сябе Марк.

Фота федэральнага ўрада ФРГ, фатограф Heiko Specht.

Фота федэральнага ўрада ФРГ, фатограф Heiko Specht.

Сёння ўз’яднанне, па меркаванні Марка, гэта ўжо не вострая тэма, а паўсядзённасць. А аб памылках, якія былі зробленыя ў працэсе аб’яднання ў пазнейшы час, яго блізкія не дыскутуюць.

Мы вяртаемся да памятнага Марку дня, калі ён убачыў па тэлевізары падзенне сцяны. Што пераважала больш: асабістае ці гонар за ўсю нацыю? Марк Ноер упэўнены, што так, ён быў вельмі рады за тое, што сям’ю не падзяляюць больш межы, але была і радасць за ўсіх немцаў, што яны вярнулі сабе права свабодна перамяшчацца і адчуваць сябе адзіным народам.

Тыдні Германіі ў Беларусі

25-гадовы юбілей уз’яднання Германіі з’яўляецца цэнтральнай тэмай традыцыйных тыдняў Германіі ў Беларусі, якія сёлета право­дзяцца ад 25 верасня да 24 кастрычніка.  Падрабязная інфармацыя:  minsk.diplo.de.

Што кажуць немцы пра аб’яднанне

Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” папрасіла Марка Ноера зрабіць спецыяльна для чытачоў “РГ” апытанне сярод сваіх суайчыннікаў. Што азначае для сённяшніх немцаў уз’яднанне Германіі, ці чаканым у свой час было ўз’яднанне, ці дапускалі яго магчымасць?

Карын Ланге (Karin Lange), 65 гадоў, пенсіянерка, Мангейм, былая Заходняя Германія.

Я асацыюю ўз’яднанне Германіі як высокую эканамічную нагрузку для Захаду. Дзякуючы ўз’яднанню нямецкага народа стала магчымым наведванне сваякоў у абодвух кірунках. Ці чакала аб’яднання? Не. Меркавала, што раздзяленне будзе яшчэ доўгім. Уз’яднанне чакалася толькі праз доўгі тэрмін.

Магчымасць яго абмяркоўвалі, бо ў маёй мамы было шмат радні ва Усходняй Германіі.

Фота федэральнага ўрада ФРГ, фатограф Heiko Specht.

Фота федэральнага ўрада ФРГ, фатограф Heiko Specht.

Хрыстаф Хохштэйн (Chri­stoph Hochstein), 51 год, адвакат, Ляйнефельдэ, былая Усходняя Германія.

Што для мяне ўз’яднанне? Свабода! Свабода падарожнічаць, свабода казаць тое, што я хачу, свабода займацца сваёй прафесіяй, магчымасць пазнаёміцца з маёй жонкай з Расіі. Уз’яднання не чакаў ніколі. Хаця з-за асабістых абставін мне дазвалялася выязджаць на Захад, з-за фінансавых цяжкасцяў я сабе не змог гэтага дазволіць. У першую паездку на Захад я патраціў 110 нямецкіх марак, грошы, якія выдаваліся усходнім немцам як падарунак – на бананы, капронавыя калготкі і жуйкі, якіх тады не было ў ГДР.

Канешне, мы заўсёды гаварылі пра ўз’яднанне. І па сёння гэта робім. Тэмай было і ёсць: як можна было найбольш аптымальна правесці аб’яднанне: праз паступовае паралельнае выраўноўванне дзвюх палітычных і эканамічных сістэм ці далучэнне Усходу да Захаду, ці новая канстытуцыя, якая б увабрала ў сябе лепшае ад абедзвюх сістэм.

Лотар Штобравэ (Lothar Stobrawe), 50 гадоў, начальнік вытворчасці, Вайнштадт, былая Заходняя Германія.

Аб’яднання не чакаў. Для мяне і майго наваколля гэта не было важным, бо не было сямейных і сяброўскіх сувязяў на Усходзе. Мяркую, што я мог бы сёння ад некаторых новых кантактаў нават адмовіцца, хаця ёсць шмат такіх, якія цяжка губляць.

Фолквін Зібэ (Volkwin Siebe), 56 гадоў, інжынер, Марль, былая Заходняя Германія.    

Як пачатак аб’яднання гэта было ўжо пазітыўна. Калі ў 1989 годзе жыццё прыйшло ў рух, я чакаў уз’яднання, але з вялікім сумневам, што гэта сапраўды адбудзецца. З маёй мамай мы абмяркоўвалі ўз’яднанне. Але ў маёй уласнай сям’і – не. Бо мая былая жонка – не немка.

Фота федэральнага ўрада ФРГ, фатограф Heiko Specht.

Фота федэральнага ўрада ФРГ, фатограф Heiko Specht.

Зігфрыд Бобэ (Siegfried Bobe), 72 гады, пенсіянер, Бон, былая Заходняя Германія.

У 1987 годзе я збег з ГДР на Захад. Дзякуючы ўз’яднанню стала магчымым узнаўленне кантактаў з маёй сям’ёй і сябрамі. З часам гэты дзень стаў як звычайны, але раней мы адзначалі яго як свята. Я не чакаў такіх падзей. Літаральна за некалькі дзён да падзення сцяны я сказаў сваім сябрам, што яна будзе стаяць вечна. Што ні кажы, у кожным выпадку адзін з трох жыхароў Усходняй Германіі быў або супрацоўнікам разведкі, або інфарматарам Штазі (аналаг савецкага КДБ – рэд.).

У сяброўскім коле мы размаўлялі пра магчымасць уз’яднання, але не верылі ў яго.

Юрген Петэрс (Jürgen Peters), 63 гады, пенсіянер і страхавы агент, Малентэ, былая Заходняя Германія.    

Асабіста мне ўз’яднанне нічога не прынесла. Чакаў яго хаця б таму, што ў гэтым працэсе актыўна ўдзельнічаў Гарбачоў і было ўсведамленне з’яднанасці народа ГДР (маюцца на ўвазе мірныя дэманстрацыі ў ГДР у апошнія гады існавання ГДР – заўвага Марка Ноера). Мы размаўлялі на гэту тэму раней, і былі розныя меркаванні. Ад таго, што трэба вышэй Сцяну збудаваць, да радасці ад адзінства, якое неўзабаве настане.

Штэфан Дальхеймер (Stephan Dalheimer), 50 гадоў, менеджар свабоднай эканомікі, Штутгарт, былая Заходняя Германія.    

У маім бачанні ўз’яднанне Германіі ёсць само сабой зразумелая рэч. Калі летам 1989 года Венгрыя адкрыла мяжу ў Аўстрыю, я ведаў, што будзе адно з двух: або аб’яднанне Германіі праз год, або вайна. Гарбачоў рабіў уражанне, што вайны не будзе. Падзенне Берлінскай сцяны я ўбачыў на ўласныя вочы проста ля Чэкпоінт Чарлі (КПП на мяжы Усходняга і Заходняга Берліна – рэд.) Уражанні нельга пераказаць, на сэрцы добрае пачуццё.

3 кастрычніка 1990 года я быў і на святкаванні ўз’яднання Германіі ў Берліне. На свяце панаваў добры настрой, але людзі выглядалі хутчэй сціпла, без асаблівай эйфарыі, проста радаваліся таму, што адбываецца. Для нас як для нацыі уз’яднанне Германіі натуральна, хаця ва ўсходніх немцаў яшчэ адчуваецца сувязь з Усходам, што асабіста мне падабаецца.

Смяротная цана Берлінскай сцяны

Загад на знішчэнне перабежчыка

Тайны нямецкага КГБ (Штазі)