Удзельнік клуба гістарычнай рэканструкцыі “Паходня” з Вілейкі Юры Палонскі прыгадае, як знаёмства з “Рэгіянальнай” пачыналася з праграмы тэлеперадач і як бацька пазнаў сябе на архіўным фота ў газеце:

– Колькі памятую сябе з маленства, бацька заўсёды выпісваў “Рэгіянальную газету”. Само сабой, у дзяцінстве мяне найбольш цікавіла праграма тэлеперадач. Тут яна была больш змястоўная і адаптаваная пад тыя каналы, якія ў нас ішлі.

Як падрос, пачалі цікавіць гістарычныя артыкулы ды розныя матэрыялы пра Вілейскі і Маладзечанскі край.

Ад таго часу у нас на стале звычайна менавіта “Рэгіянальная”.

Запомніўся такі выпадак. Сядзелі ў кватэры, а з кухні вылецеў тата з кавалкам  “Рэгіянальнай газеты”. У нумары надрукавалі гістарычны экскурс пра падзеі пачатку 90-х гадоў, як у Беларусі абвяшчалі незалежнасць. Архіўны здымак змясцілі, як народ мітынгуе ў Мінску. І ў першых шэрагах бацька пазнаў сябе.

Чым падабаецца газета? Яна без нейкай залішняй палітыкі, не загружае праблемамі. Няма такіх рэзкіх пераходаў, як бывае ў іншых выданнях: сёння ўсё квітнее, а заўтра ўсе дрэнна. А ў “Рэгіянальнай” усё з гэтым стабільна – у добрым сэнсе, стабільна.

Памятаю час, калі ў газету шмат пісалі старшакласнікі. Можа, калі гэта было непрафесійна, але было цікава глядзець, як моладзь спрабуе свае сілы. Хацеў бы, каб і цяпер падлеткі часцей друкаваліся.

А так у газеце ўсяго дастаткова, і трэба развіцца па такім шляху.