Гэтак эмацыйна назваў свой ліст у рэдакцыю наш чытач Алесь Раткевіч. Непакоіць яго стан дарог:

“Плацім немалыя грошы на будоўлю і рамонт дарог. Толькі, на вялікі жаль, ад гэтых пабораў стан дарог не паляпшаецца, а наадварот, пагаршаецца.

Вось нядаўна скончылі рамонт дарогі Маладзечна-Краснае. А калі ўжо дойдзе чарга да іншых дарог, якія на самой справе даўным-даўно патрабуюць капітальнага рамонту? Дарога Краснае-Ілья. Гэта не дарога, а траса для “Формулы-1”. Аб’ехаць выбоіны на ёй нават не здолеюць прафесіяналы.

А каб кавалак дарогі Беражок-Лукавец праехаць, то трэба ўсе 15 вёрст ехаць кіруючы толькі адной рукой, бо другой даводзіцца слёзы выціраць!

А яшчэ, праязджаючы гэты кавалак не дарогі, а “пральнай дошкі”, сустрэў на восьмай вярсце пад Хаценчыцамі вельмі небяспечны “сюрпрыз”. Там з дарожнага правалу паўметровай глыбіні і дыяметрам каля сямідзесяці сантыметраў “выраслі” бяроза ды хмызняк пасохлы!

Бяроза і хмызняк на месцы прасадкі асфальту пад Хаценчыцамі. Фота Алеся Раткевіча.

Бяроза і хмызняк на месцы прасадкі асфальту пад Хаценчыцамі. Фота Алеся Раткевіча.

А калісьці мяне вельмі радавала праца вілейскіх дарожнікаў, пра што неаднаразова пісала “Рэгіянальная газета”. Землякі, што здарылася?!”

Выбоіна ўтварылася з-за баброў

Адказ атрымалі  ад прараба прарабскага ўчастка №2 майстроўскага ўчастка №4 філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” – ДРБУ-162 Генадзя Шупенькі:

– Дзяржпошліна на выдачу дазволу на ўдзел аўтамабіля ў дарожным руху, што спаганяецца з уладальнікаў аўтамабіляў, ідзе ў дзяржаўны бюджэт. Таму, паважаныя аўтааматары, не думайце, што аплачаная дзяржпошліна адразу трапляе на разліковы рахунак той ці іншай дарожнай арганізацыі.

У 2010 годзе выконваўся бягучы рамонт дарогі Лукавец-Хаценчыцы-Беражок (ад 0,3 – да 2 кіламетра). Там ухілялі дэфекты пакрыцця з уладкаваннем паверхневай апрацоўкі. Па меры магчымасці і наяўнасці грашовых сродкаў робіцца ямачны рамонт дадзенай аўтамабільнай дарогі.

Выбоіна на восьмым кіламетры ля Хаценчыцаў ўтварылася ў выніку падкопу баброў. На момант выяўлення выбоіны не было падручных сродкаў, каб ліквідаваць яе. У мэтах прадухілення ДТЗ на месцы прасадкі асфальту ўстанавілі дрэва, каб здалёк было відаць перашкоду на дарозе і была магчымасць пазбегнуць наезду. На наступны дзень выбоіна была ліквідаваная.

На аўтамабільнай дарозе Маладзечна-Ілья выкананы капітальны рамонт найбольш аварыйных участкаў дарогі (28.635 – 31.035 кіламетры). Таксама выконваўся рамонт гэтай аўтамабільнай дарогі картамі.

Даведка “РГ” За восем месяцаў ДРБУ-162 па Вілейскім раёне выкананы ямачны рамонт на плошчы амаль 30 тысяч квадратных метраў. За дзевяць месяцаў зробленыя два бягучыя рамонты прыпынкаў і два капітальныя рамонты аўтамабільных дарог.

На 2015 год аблвыканкамам выдзелена ДРБУ-162 амаль 22 з паловай мільярды рублёў на рамонт мясцовых аўтамабільных дарог.  Ад гэтай сумы са сродкаў аплаты дзяржпошліны – больш за 10 мільярдаў рублёў, і практычна ўсе яны прызначаныя на капітальны рамонт дарог.

Ёсць пытанні ў чытача да рамонту прыпынку пры павароце на пасёлак Партызанскі. Пра гэта чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў.