3 кастрычніка ў эфіры тэлеканала “Беларусь-2” выйшла новае шоу накшталт “Апошняга героя”, праўда, знятае не на Карыбскіх выспах, а ў валожынскім засценку Скрыплеў. Гэта хутар, куды дзесяцярых “панаехаўшых” (так называецца праграма) адправілі на два тыдні. Па задуме арганізатараў, удзельнікі праекту мусілі пражыць некалькі тыдняў у вёсцы без інтэрнэту і тэлефонаў, абыходзячыся толькі натуральнай гаспадаркай і працуючы на зямлі.

Уладальнік хутара, якія на свае вочы бачыў усе пакуты ўдзельнікаў, – гэта сталы чытач “Нашай Нівы” Васіль Грынь. Гаспадар расказаў нам пра здымкі.

“Мне задума спадабалася адразу, і назва зачапіла, таму даў згоду на здымкі ў маёй хаце, – прызнаўся Васіль. – Але і арганізатары малайцы – адабралі ну такіх ужо гарадскіх-гарадскіх, такіх адарваных ад вёскі, што яны абсалютна нічога рабіць не ўмелі. Іхняя дзейнасць ніяк не звязаная з вясковым асяродкам – гэта моды, стрыптыз, поп-эстрада ды ўсё такое. Так бы мовіць, карэнныя “гарадскія”, якія на зямлі ніколі не працавалі, мо і іхнія бацькі таксама”.

Удзельнікі толькі дакрануліся да сапраўднага вясковага жыцця. Што гэта такое, напоўніцу яны не зразумелі і нічога рабіць не навучыліся.

“Ну ўцямілі, што такое саха і карыта. Гэта ж людзям у навіну было, разумееце? Вось яны жылі-жылі, а тут раз – і ты на хутары без інтэрнэту, без каналізацыі, без крамы. Людзі губляліся, хтосьці плакаў. Камусьці было дзіка чысціць хлеў за свіннямі, іншая шкадавала манікюр, выбіраючы буракі. У іншы свет трапілі”, – смяецца Васіль, расказваючы пра прыгоды “гарадскіх”.

Гаспадара сядзібы здзівіў сам факт, што вясковае жыццё ператвараецца ў шоу для тэлебачання.

“Засекчы пеўня – гэта ж звычайная справа. Як яшчэ суп варыць? Але не – там такая карцінка атрымалася, сапраўдны баявік”, – кажа Васіль і адзначае, што нават рэжысёр перадачы пастаянна раіўся з Васілём ды ягонымі суседзямі наконт таго, ці адпавядаюць кадры рэчаіснасці.

“Але я ўсё ж мяркую, што атрымалася добра і карысна. Бо, па-першае, удзельнікі на сваім поце адчулі, што за кожным прадуктам стаіць чалавечая праца. Раней яны ішлі ў супермаркет не задумваючыся, а цяпер, напэўна, калі яны будуць з паліц бульбу браць, то ўзгадаюць, як карачыліся, і ў галаве ці спіне штосьці стрэльне, – перакананы Васіль. – Да таго ж людзі ўбачылі, што Беларусь – яна розная. Ёсць абсалютна іншае жыццё, якое рэальнае, пад бокам, а не недзе там”.

Васіль адзначае, што ўсе ўдзельнікі разумелі беларускую мову і часам спрабавалі гаварыць па-беларуску. Здымкі занялі 16 дзён, цягам якіх удзельнікі змагаліся са сваёй “гародскай натурай”. Праз дзень-два з праграмы выганялі аднаго чалавека, і ў выніку да фіналу дайшлі тры чалавекі – пераможцу сярод іх абяруць тэлегледачы, якія змогуць паглядзець “Панаехаўшых” пачынаючы з 3 лістапада.

Арцём ГАРБАЦЭВІЧ, “Наша Ніва“.