Напярэдадні Дня настаўніка, “Рэгіянальная газета” вырашыла запытаць у вядомых людзей Маладзечна, чым ім запомніліся школьныя гады.

Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Сяргей Карзей прыгадаў такую гісторыю:

“Пасля заканчэння пачатковай школы ў вёсцы Селеўцы я пайшоў у пяты клас васьмігодкі ў вёсцы Ермакі.

Там, па традыцыі, пасля ўсіх школьных сельгаспрац  праводзіўся Дзень ураджаю. Уручалі падарункі, рыхтаваўся канцэрт, пасля былі танцы.

Дык вось хлопцы-старшакласнікі неяк пажартавалі, што на гэта свята будуць пускаць толькі тых, хто ўмее танцаваць. Я, вядома, паверыў і ўзяўся дома вучыцца танцаваць.  Калі вы глядзелі фільм “Папялушка”, то ўяўляеце сабе, як гэта рабіў я – з венікам.

І вось надышоў  Дзень ураджаю, час танцаў. І я разумею, што з мяне пасмяяліся. Вучні школы танцавалі пад баян. Іграць запрашалі мясцовага жыхара. Хаця, як яны танцавалі? Старшакласнікі нешта там імкнуліся вырабляць нагамі, мы ж, малодшыя, сядзелі па кутах.

І вось аб’яўляюць белы танец… Да мяне падыходзіць настаўніца малодшых класаў Ганна Іосіфаўна і запрашае.

Я ў шоку ад таго, што яна запрасіла мяне, яна ў шоку ад таго, што я раптам з ёй закружыўся ў вальсе. Так з гэтага дня я стаў зоркай усіх танцавальных школьных вечароў.

Сёлета я сустрэў Ганну Іосіфаўну, нагадаў ёй гэту гісторыю. Доўга з ёй смяяліся. А было гэта ў далёкім 1970 годзе”.

Сяргей Карзей вучань 4 класа. Разам з настаўніцай Таццянай Ганчлеўскай. Фота забяспечана Сяргеем Карзеем.

Сяргей Карзей вучань 4 класа. Разам з настаўніцай Таццянай Ганчлеўскай. Фота забяспечана Сяргеем Карзеем.

Сяргей Карзей сёння. Фота забяспечана Сяргеем Карзеем.

Сяргей Карзей сёння. Фота забяспечана Сяргеем Карзеем.

Як за Сашу сварыліся дзве настаўніцы

Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мала­дзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч прызнаўся, што ў школе быў выдатнікам.

Ён удзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы, фізіцы і англійскай мове.

Але культура, сцэна вабілі яго з дзяцінства:

– Я памятаю, як яшчэ да школы, мне было гадоў пяць, залез на гарышча ў хаце. Там знайшоў гармонік свайго хроснага бацькі. І так мне было дзіўна, што калі націскаеш на розныя кнопачкі, атрымоў­ваецца розны гук.

Маці так па гуках і знайшла мяне на гарышчы.

Потым Аляксандр сам асвоіў гэты інструмент.

– Пра мяне, яшчэ калі я школьнікам быў, вялікі артыкул у часопісе “Маладосць” напісалі.

У Чысцінскай васьмігадовай школе, якую Аляксандр Рамановіч скончыў у 1973 годзе, быў музыкантам на кожным свяце.

– А я яшчэ маляваў добра. Бывала настаўніца Вера Асіповіч казала мне пасля ўрокаў: “ Я ўзяла табе ссабойку, еш і малюй сценгазету”. Так і атрымоўвалася, што больш часу право­дзіў у школе, чым дома.

Пасля заканчэння восьмага класа Аляксандр Рамановіч падаў дакументы ў Мінскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць культурна-асветніцкая дзейнасць.

– Другога ці трэцяга верасня ў Мінск прыехалі мае дзве настаўніцы: першая – Зоя Шалухіна і класны кіраўнік Вера Сцяпанаўна.

Класная кажа: “Забірай дакументы, які з цябе работнік культуры? Саша, табе трэба ісці ў матэматыкі”. А першая настаўніца Веры Сцяпанаўне адказвае: “Правільна зрабіў, што пайшоў у культуру. І няма чаго збіваць з толку хлопца”. Ледзьве не пабіліся за мяне.

Аляксандр Рамановіч у юнацтве. Фота забяспечана Аляксандрам Рамановічам.

Аляксандр Рамановіч у юнацтве. Фота забяспечана Аляксандрам Рамановічам.

А калі прыгадаць смешны выпадак у школе, то на памяць прыходзіць тое, як я аднойчы кантрольную дык­тоў­ку пісаў у дзве рукі.

Была кантрольная дыктоўка Міністэрства адукацыі па рускай мове. Са мной сядзела дачка дырэктара школы – Галя Бабская. 

І на момант дыктоўкі яна зламала руку. А прапусціць жа нельга, міністэрская ж.

Вось мне і загадалі пісаць адначасова дзве дыктоўкі: за сябе і за яе.

Потым, як і бывае, ёй я напісаў на пяцёрку, а ў сваёй адну коску прапусціў. Паставілі чатыры.

Нашы героі шкадуюць толькі аб тым, што апошнім часам вельмі рэдка ўдаецца наведваць вечары сустрэч, але час павіншаваць сваіх настаўнікаў абяцалі знайсці.

Аляксандр Рамановіч.Фота Наталлі Тур.

Аляксандр Рамановіч.Фота Наталлі Тур.