Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі ўзгадніла ўключэнне сістэм ацяплення з 7 кастрычніка.

Пра гэта гаворыцца ў лісце “Аб узгадненні ацяпляльнага перыяду”, накіраваным у аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам і Міністэрства энергетыкі, паведаміў начальнік упраўлення па працы са зваротамі грамадзян, СМІ Мінжылкамгаса Генадзь Аксціловіч.

“У сувязі з рэзкім пахаладаннем і прагнозам далейшага зніжэння тэмпературы паветра Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўзгадніла ўключэнне сістэм ацяплення ад 7 кастрычніка ў наступнай чарговасцi: па-першае, медыцынскія ўстановы, установы сацыяльнага забеспячэння, школы і дашкольныя ўстановы, музеі, дзяржархівы, бібліятэкі; па-другое, жыллёвы фонд, інтэрнаты, гасцініцы, навучальныя ўстановы”, – растлумачыў Генадзь Аксціловіч.

Пры гэтым пры сярэднесутачных тэмпературах  паветра вышэй за 10 градусаў ацяпленне памяшканняў будзе праводзіцца ў рэжыме прапальвання. У лісце адзначаецца, што арганізацыі ЖКГ абавязаны максімальна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва і забяспечваць рэгуляванне падачы цеплавой энергіі з мэтай падтрымання цеплыні памяшканняў у межах санітарных нормаў у перыяды рэзкіх павышэнняў або паніжэнняў тэмпературы паветра.