Пленэр да 145-годдзя з дня нараджэння знакамітага мастака-пейзажыста Фердынанда Рушчыца адкрыецца сёння, 7 кастрычніка, у вёсцы Багданава, што на Валожыншчыне.

Сярод удзельнікаў пленэру будуць мастакі Кастусь Качан, Алесь Суша, Уладзімір Васюк, Ігар Бархаткоў, Аляксандр Лубнеўскі, Уладзімір Пракапцоў, Аляксандр Грышкевіч, Уладзіслаў Петрык.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і Валожынскі райвыканкам.

Урачыстае адкрыццё пленэра адбудзецца ў 12.00. Па яго выніках майстры пэндзля падораць свае працы для экспанавання ў Багданава.

Памятныя мерапрыемствы ў Багданава да 145-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца пройдуць сёлета 10 снежня. Падчас падрыхтоўкі да іх правядзення плануецца добраўпарадкаваць тэрыторыю сямейных могілак Рушчыцаў і стварыць экспазіцыю прысвечаную Фердынанду Рушчыцу ў Багданаўскім аддзяленні Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Знакаміты мастак-пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар, педагог, які пакінуў глыбокі след у мастацтве Беларусі і Польшчы Фердынанд Рушчыц, нарадзіўся ў 1870 годзе непадалёк ад вёскі Багданава. Тут жа завяршыўся зямны шлях майстра. Яго пахавалі на сельскіх могілках, побач з продкамі.