Помнік прыроды “Нявесцін камень” урачыста адкрылі ў Ашмянах у мінулыя выхадныя.
Пра тое, як аднаўлялі помнік і добраўпарадкавалі тэрыторыю, “Рэгіянальнай газеце” распавяла дырэктар бібліятэкі Марына Белавус.
– Помнік, вядома, не адкрывалі. Ён ляжыць на сваім месцы ўжо шмат стагоддзяў. Помнік гэты рэспубліканскага значэння. З ім звязана безліч паданняў і легенд. А назву “Нявесцін камень” ён носіць такую, бо лічыцца, што дапамагае жанчынам у шлюбе і мацярынстве. Да яго прыводзяць і маленькіх дзетак, каб засцерагчы іх ад хваробы ці нават вылечыць.
А вось зрабіць да яго падыход, усталяваць інфармацыйную шыльду, выдаць брашуру з паданнямі і легендамі пра гэты камень у краязнаўчага аматарскага аб’яднання “Знай край” атрымалася дзякуючы ўдзелу ў праекце “Тандэм”, пераможцам якога “Знай край” і стаў. Каардынуе праект Вольга Тарашкевіч.
– Падчас рэалізацыі праекта, – працягвае Марына Белавус, – намі была праведзеная вялікая даследчая праца, у рамках праекта зладзілі канферэнцыю “Валуны – маякі гісторыі”, на якую запрасілі вучоных з Акадэміі навук Беларусі. Ладзіліся этнаграфічныя экспедыцыі.
Экспедыцыі праходзілі ў вёсках, ля якіх ляжыць гэты камень. Распытвалі пра яго ва ўсіх мясцовых жыхароў. І ўсе легенды, паданні, гісторыі, міфы ўвайшлі ў кнігу, якую так і назвалі “Нявесцін камень”.
Цяпер гэта кніга знаходзіцца ў фондах бібліятэкі, і яе можа пачытаць кожны, хто цікавіцца гісторыяй Ашмяншчыны або містычнымі ці незвычайнымі гісторыямі.
На пытанне, ці паспрабавалі на сабе цудадзейную сілу каменя ўдзельнікі аб’яднання “Знай край”, Марына Белавус адказала:
– Яшчэ ў мінулым годзе, калі мы рыхтавалі камень да семінару, адна наша калега надта старанна цёрла камень. І што вы думаеце, у свае 50 гадоў нядаўна справіла вяселле.
Знайсці дзіўны камень вельмі проста. Ён знаходзіцца каля трасы “Мінск-Вільня”, у пяці кіламетрах ад Ашмянаў.
– Мы там паставілі вялізны банер з інфармацыяй пра камень, так што абмінуць яго немагчыма. Каля “Нявесцінага каменя” заўсёды можна знайсці грошы, манеткі, іншыя рэчы, якія пакідаюць людзі ў знак падзякі. А вы ведаеце, што раней ва ўсіх навакольных вёсках і ў саміх Ашмянах нявесту не пускалі ў дом да мужа, пакуль яна не сходзіць да “Нявесцінага каменя”.
Чаму б і сёння не адрадзіць гэту традыцыю?