10 кастрычніка. 90 гадоў з дня нараджэння Кацярыны Арцёменкі (1925 – 1998), майстра пляцення мастацкіх вырабаў з саломы, заснавальніцы саломапляцення, заслужанага работніка культуры Беларусі.

75 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Тарасава (1940 – 2010), беларускага пісьменніка, публіцыста. Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і служачага. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох год працаваў слесарам-зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі “Спецэлеватармельбуд”. Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960-1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе “Нёман”, тэхнолагам на віцебскім заводзе “Маналіт”. Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве “Вышэйшая школа” (1967-1975), журналістам па дагаворы і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі газеты “Знамя юности” (1975-1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса “Нёман” (1977-1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва” (1986-1988). З 1990 года быў адказным сакратаром часопіса “Спадчына”. У 1995 годзе адкрыў уласна выдавецтва “Лекцыя”. У друку з мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 годзе (аповесць “Следчы эксперымент”, часопіс “Нёман”). Пісаў на рускай і беларускай мовах, у гістарычным і прыгодніцкім жанрах. Многія яго творы звязаныя з мінулым Беларусі. З найбольш вядомых кніг – раманы “Пагоня на Грунвальд”, “Тры жыцці княгіні Рагнеды”, зборнік гісторыка-літаратурных эсэ “Памяць пра легенды”. Па матывах аповесці “Чарада варон над гасцінцам” (другая назва “Чорны шлях”) драматург Аляксей Дудараў напісаў п’есу “Ядвіга”. З пачатку 1990-х пісаў пераважна на беларускай мове.

1930 год. У Вільні выйшаў першы нумар газеты “Народны звон” (выдавалася да 16 снежня1930 г.). Рэдактар-выдавец К. Крук.

11 кастрычніка

1760 год. У Слоніме памёр Міхал Антоні Сапега, дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, перакладчык, літаратар.

12 кастрычніка

1925 год. У Берліне пачалася Другая ўсебеларуская канферэнцыя (доўжылася да 16 кастрычніка), на якой была прынятая заява аб роспуску Рады і ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі.

 15 кастрычніка

1817 год. У Салюры (Швейцарыя) памёр Тадэвуш Касцюшка, дзяржаўны і вайсковы дзеяч, кіраўнік паўстання1794 г. У1818 г. перапахаваны ў Вавельскім замку ў Кракаве.

1833 год. У Фларэнцыі (Італія) памёр Міхал Клеафас Агінскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, удзельнік паўстання 1794 года.