На працягу больш 40 гадоў Германія была падзеленай – аж да ўз’яднання 3 кастрычніка 1990 года. У бягучым годзе гэтай падзеі спаўняецца 25 гадоў.
Пасольства Германіі ў Мінску адзначае гэты юбілей сімвалічным інтэрактыўным мерапрыемствам:
13 кастрычніка ў 17:30 у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаганеса Рау (Мінск, праспект Газеты “Праўда”, 11) у прысутнасці публікі будуць сабраны два пазлы “Германія” памерам каля 3 кв. метраў кожны. З 28 асобных элементаў будзе створана адзінае цэлае – пазлы з контурамі Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Дадзеныя пазлы былі выраблены ў Мінску. Шэфства над афармленнем элементаў пазлаў узялі на сябе Інстытут імя Гётэ, Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD) і Цэнтральнае ўпраўленне па справах школьнай адукацыі за мяжой (ZfA). На працягу некалькіх апошніх тыдняў яны ўдзельнічалі ў распрацоўцы дызайну пазлаў.
З вялікай радасцю і фантазіяй беларускія студэнты і школьнікі афармлялі асобныя элементы на тэму “Мая карціна Г ерманіі”. У далейшым аформленыя і сабраныя пазлы будуць выстаўлены ў школах, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве “Школы: партнёры будучыні”, а таксама ва ўніверсітэтах.
Вялікі пазл “Германія” сімвалізуе той факт, што Германскае адзінства з’яўляецца сумесным гістарычным дасягненнем. Гэта вобразная ілюстрацыя таго, як на шляху да адзінства складваліся разам шматлікія элементы, кожны з якіх, захоўваючы сваю важнасць, быў падпарадкаваны агульнай мэце адзінства. Акцыя “Разам да адзінства”, якая праходзіць у 34 германскіх прадстаўніцтвах ва ўсім свеце, нагадвае аб уроку дыпламатыі таго часу.
Цэнтральным кампанентам акцыі з’яўляецца інтэрнэт-партал www.zusammen-zur-einheit.de: інтэрактыўныя элементы, віртуальны адлік часу і блог інфармуюць з розных мясцін аб святочных мерапрыемствах ва ўсім свеце. Інфармацыю аб ходзе гэтай акцыі Пасольства Германіі ў Мінску поруч з блогам размяшчала таксама на сваім сайце www.minsk.diplo.de і на старонцы ў Facebook: https://www.facebook.com/posolstvogermaniiminsk.
“Мы не маглі ў гэта паверыць”. Сёння – 25 год нямецкага адзінства
Смяротная цана Берлінскай сцяны
Загад на знішчэнне перабежчыка