У чэмпіянаце першай лігі Беларусі па футболе “Смаргонь” 4 кастрычніка прайграла ў гасцях “Смалявічам СТІ” 2:4.
Смаргонцы на 76-й хвіліне зраўнялі лік 2:2. Неўзабаве маглі выйсці наперад.
– Калі б Сяргей Бандарэнка забіў з забойнай пазіцыі пры ліку 2:2, то хутчэй за ўсё мы б выйгралі гэтую гульню. Аднак Сяргей з пяці метраў б’е вышэй варот, – дзяліўся галоўны трэнер “Смаргоні” Мікалай Рындзюк па заканчэнні матчу.
Гаспадары ж свой шанс не ўпусцілі, забілі трэці гол. А на 83-хвіліне “Смалявічы СТІ” паставілі кропку ў матчы.
Відэаагляд матчу з сайта fc-smorgon.by
“Ашмяны” выйгралі ў “Клецка”
Пасля пройгрышу ў мінулым туры “Ашмяны” ў фінальнай частцы чэмпіянату Беларусі па футболе ў другой лізе выйгралі ў “Клецка” 3:1. Гулялі ў гасцях 3 кастрычніка. “Ашмяны” па-ранейшаму на пятым месцы.
Валейбалісты з Мядзела зноў перамаглі
Каманда “Мядзел ФАЦ” атрымала другую запар перамогу ў чэмпіянаце адкрытай аматарскай валейбольнай лігі Мінска. Мядзяльчане 4 кастрычніка абыгралі каманду 558 АРЗ з лікам 3:1. Каманда з Мядзела займае пятае месца ў другім дывізіёне. Прычым, большасць сапернікаў правялі па тры-чатыры гульні, а “Мядзел ФАЦ” – толькі дзве.