Каб пазбавіцца ад дэпрэсіі альбо дрэннага настрою, псіхолагі раяць больш гуляць на свежым паветры. Гэты варыянт можна скарыстаць, каб адпачыць пасля працоўнага тыдня. Аднак, каб вы не змерзлі, раім падчас прагулкі пагрэцца ў кінатэатры.

Фэнтэзі “Пэн: Падарожжа ў Нетландыю” – гэта лепшы выбар для тых, хто святкуе Дзень маці. Акцёры Руні Мара (“Дзяўчына з татуіроўкай дракона”) і Хью Джэкман (“Людзі Ікс”) устойліва здымаюцца ў якасных і відовішчных фільмах.

Яркая гісторыя, напоўненая экстрэмальнымі прыгодамі, якія глядач адчуе дзякуючы 3D. Поўная суму і кранальнасці тэма адносінаў мамы і галоўнага героя, хлопчыка Пэна. Жаданне проста быць побач з самым блізкім чалавекам ператворыцца ў вытанчаны карнавал дзіцячай фантазіі.

Як выжыць на планеце, на якой не жыве нічога

Касмічная рабінзанада “Марсіянін” у 3D – ідэальны варыянт для аматараў прыгожай карцінкі і сюжэта, у якім герой на мяжы жыцця і смерці. Герой застаўся на Марсе з запасамі на 31 дзень, а па яго могуць прыляцець не раней, чым праз чатыры гады. Мужчына змагаецца за жыццё: спрабуе сабраць ураджай, закрэслівае пражытыя дні і перадае паведамленне NASA.

Але, аказваецца, выжыць на планеце, на якой не жыве нічога, не самае складанае. Самае складанае – гэта дабіцца дапамогі ад людзей, у распараджэнні якіх уся Зямля.

Расійская драма “Радзіма” – фільм не для лёгкага настрою. Тут паралельна развіваюцца дзве тэмы. Гісторыя дачкі галоўнага героя, якая вандруе і спрабуе “абнуліцца”, і гісторыя яе таты, які шукае дачку. Калі вам падабаецца экстрэмальны рускі шарм без прыхарошвання, не прапусціце.

Фільм, які падштурхне дасягнуць мару

Біяграфічны фільм пра французскага канатаходца “Прагулка” папаўняе стос натхняльных гісторый, якія падштурхоўваюць дасягаць мару. Калі вы хочаце падзарадзіцца, то гэта ваш фільм.

Самы востры момант – калі галоўны герой праходзіць па канаце, нацягнутым паміж вежамі-блізнятамі Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Ню-Ёрку ў 1974 годзе.

Як з рыбака стаць самым багатым чалавекам

Яшчэ адзін фільм, заснаваны на рэальных падзеях – расійска-грэчаскі праект “Піраты Эгейскага мора”.

Незвычайная гісторыя Ёніса Варвакіса, які быў звычайным рыбаком, а стаў самым багатым чалавекам Расійскай імперыі, захопіць аматараў гісторый поспеху.

Безумоўна, я не магу не падзяліцца падзеяй для сапраўдных кінаманаў. З’явіўся 1,5-хвілінны трэйлер эпізоду серыяла “Шэрлак”, які выйдзе ў навагоднія святы. Тут вы ўбачыце героя па-віктарыянску стрыманым, таму што падзеі адбываюцца ў часы класічнага Шэрлака Холмса, а не ў сучасным свеце.

Адпачынак з дзецьмі

У кінатэатры “Мір” у Вілейцы можна выдатна адпачыць з дзецьмі. Чатыры фільмы з рэпертуару будуць цікавымі для іх: анімацыі “Перапалох у джунглях”, “Суперкаманда” і “Кунг-фу Трусік: Валадар агню”, таксама прыгодніцкі фільм “Пэн: Падарожжа ў Нетландыю” .

Для тых, каму даспадобы гістарычныя фільмы, падыдзе драма “Апошнія рыцары”. Фільм пераносіць гледача ў эпоху Сярэднявечча, міжусобныя войны раздзіраюць каралеўства на кавалкі. І толькі рыцары караля абараняюць яго і гатовыя ахвяраваць сваім жыццём.

Для аматараў стралялак – баявік “Перавозчык 3”.

Каму даспадобы фантастыка, раім паглядзець фільм “Марсіянін”.

Рэпертуар цалкам чытайце тут.

Выставы

Выставу, прысвечаную 250-годдзю Агінскага, можна наведаць у Палацы культуры ў Маладзечне. Яна размяшчаецца ў фае. Уваход бясплатны.

Кірмашы

На Мядзельшчыне запрашаюць на сельскагаспадарчыя кірмашы. 10 кастрычніка пройдуць яны ў Мядзеле,  гарадскіх пасёлках Крывічы і Свір, курортным пасёлку Нарач (Купа). Пачатак а 8-й гадзіне.

Аматарам спорту

10 кастрычніка на гарадскім стадыён у Маладзечне пройдзе футбольны матч паміж камандамі “Маладзечна ДЮСШ4”і “Прамень” (г. Мінск). Пачатак гульні ў 14.00. Кошт білетаў 5-15 тысяч рублёў.

Вывучаем мову цікава

У аўторак, 13 кастрычніка, заняткі бясплатных курсаў “Мова Нанова”. Тэма “Міхал Клеафас Агінскі”. Музычны госць – гурт “Рэлікт”.