Віртуальнае падарожжа па Астравеччыне – частка праекта t-styl.info. Правадніком па гэтым раёне стала журналістка і вядоўца курсаў “Мова Нанова” ў Астраўцы Алена Гануліч.

1. Касцёл Святой Троіцы

Беларускі Версаль знаходзіцца ў Гервятах. Касцёл святой Тройцы па-ранейшаму ўражвае гасцей сваёй вытанчанасцю і шпілем, які, здаецца, упіваецца ў самыя аблокі, а тэрыторыя вакол яго – узор ландшафтнага дызайну.

2. Сарачанскія азёры

Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Кайміна і іншыя, бы Божыя слёзкі, сатканы з чысцюткай вады.

Яны займаюць адну агульную ледавіковую лагчыну, даўжыня якой складае больш за 20 км, і вылучаюцца асаблівай маляўнічай прыродай.

3. Архітэктурны ансамбль у Варнянах

Унікальны архітэктурны ансамбль у Варнянах, які часткова дайшоў да сучаснасці, прадстаўлены двухвежавым касцёлам імя святога Юрыя, цаглянай забудовай жылых дамоў ХVІІІ стагоддзя, вежай-альтанкай і млыном.

4. Вёска Дубок

Гэтае месца ахутана сівымі легендамі: калісьці тут былі язычніцкія капішчы, цяпер – комплекс сакральных мураваных пабудоў і драўляных крыжоў, якія размешчаны на правым беразе Віліі ў ваколіцах вёскі; драўляны касцёл, у якім толькі раз на год адпраўляецца богаслужэнне і каплічка Маці Божай, з якой б’е цудадзейная і гаючая крыніца.

5. Вілія

Даўней сам граф Тышкевіч сплаўляўся па хуткаплыннай Віліі.

Чаму б і сучаснікам не сплавіцца па рацэ і з новага ракурсу паглядзець на Астравеччыну? Тым больш што самае старажытнае паселішча, якое ўзгадваецца ў летапісах як уладанне Ягайлы пад 1390 годам, Быстрыца да гэтага часу амываецца Віліяй.

Фота Андрэя Памецькі і з інтэрнэт-рэсурсаў razima.org, tut.by, kraj.by (Валерыя Пярлухіна, Зміцера Міхневіча, Сяргея Плыткевіча, Юрыя Горыда).

Паводле t-styl.info.