“РГ” распавядае, чым скончылася гісторыя маладзечанца Леаніда Гізулеўскага.

Бензапілу Леанід Гізулеўскі набыў паўтара года таму, у лютым 2014-га, у адной з маладзечанскіх крам. Тры разы пакарыстаўся і вярнуў назад, каб адрамантавалі па гарантыі, паколькі аліва не пайшла на ланцуг.

– Набыў пілу ў краме, спадзяваўся, што праблем не будзе, хаця б пакуль гарантыя дзейнічае, – распавядае спадар Леанід. – Калі набываў, казалі: “Прыходзьце, як праблема ўзнікне, усё вырашым”. Як кранулася, тлумачэнне ўніверсальнае: сам вінаваты, заліў не тую аліву. Вядома, ёсць пэўныя рэкамендацыі па тым, якую лепш выкарыстоўваць. Але ж гэта не значыць, што можна толькі аднаго віду і ніякага больш. На што тады гарантыя, калі ва ўсім можна зрабіць вінаватым пакупніка?

Заява пакупніка і адказ крамы

Пасля паломкі, напрыканцы ліпеня 2014 года, Леанід вярнуў пілу ў краму. Цягам месяца паломку не выправілі, пілу не вярнулі, і Леанід напісаў у краму заяву, у якой патрабаваў вярнуць грошы за пілу.

Праз два тыдні ён атрымаў адказ, дзе паведамлялася, што паломка не адносіцца да тых, якія выпраўляюць па гарантыі.

У лісце прычынай выхаду са строю аліўнай помпы называлі траплянне бруду пад яго рабочыя часткі. А выхад са строю бензапілы звязвалі з памылкай пакупніка ў выкарыстанні алівы для змазкі ланцуга. Гэтыя высновы былі зробленыя на падставе акта абследавання тэхнічнага стану бензапілы ў гарантыйнай майстэрні.

Вяртаць Леаніду грошы адмовіліся. У лісце патлумачана, што “тавары, якія маюць гарантыйны тэрмін і ў тэхнічным пашпарце якіх ёсць адзнака аб даце продажу, абмену і вяртанню не падлягаюць”.

Пасля гэтага пакупнік звярнуўся ў грамадскае аб’яднанне па абароне правоў спажыўцоў. Яму спачатку дапамаглі скласці і накіраваць прадаўцу прэтэнзію. Пасля – скласці іск у суд.

У іскавай заяве ад адказчыка патрабавалі вярнуць грошы за тавар неналежнай якасці – 1 мільён 650 тысяч рублёў. І няўстойку за парушэнне ўсталяваных тэрмінаў вяртання грошай, выплачаных за тавар, – 5 мільёнаў 643 тысячы рублёў. А таксама спагнаць з адказчыка ў мясцовы бюджэт па месцы разгляду іску штраф у памеры 100% сумы, прысуджанай судом на карысць істца – за невыкананне добраахвотнага парадку задавальнення патрабавання спажыўца.

Юрыст: лепш не даводзіць справу да суда

Цяпер у Маладзечне можна бясплатна атрымаць юрыдычную дапамогу

Складаць прэтэнзію і іск Леаніду дапамагаў юрыст грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў” Ігар Савянок.

Судовы працэс пачаўся сёлета ў верасні. Аднак пакуль працэс цягнуўся, бакі прымірыліся. Крама пагадзілася адрамантаваць пілу.

У выніку Леанід адазваў іск, паколькі пытанні зняліся.

– Найлепш вырашаць канфлікт у дасудовым парадку, – лічыць Ігар Савянок. – Глядзець на пытанне аб’ектыўна і памятаць пра законы. Варта ўзважыць, ці каштуе пытанне таго, каб вырашаць яго ў судзе. Грашовыя страты боку, які прайграе, могуць быць нашмат большымі, чым кошт пытання. Варта ў такіх справах зыходзіць з прынцыпаў добразычлівасці, разумнасці і добрасумленнасці. Ёсць законы дзелавога абароту, ёсць паняцце чалавечнасці.

У суботу, 26 верасня, Леанід ужо карыстаўся пілой на сваім лецішчы.

– Усё працуе выдатна, так што я задаволены, – кажа ён са спадзевам, што і надалей піла будзе працаваць без збояў.

Прадавец: мы маем доказы, што маем рацыю

– У нас ёсць вынікі экспертызы, – каментуе сітуацыю кіраўнік крамы. – Іх мы накіроўвалі пакупніку. Ён з імі не пагадзіўся і запатрабаваў грошы. Аднак гэты тавар не падлягае абмену ці вяртанню. Дзеля таго, каб не працягваць канфлікт, мы пагадзіліся адрамантаваць пілу. Пакупніка гэты варыянт задаволіў.

Кіраўнік крамы зазначыў, што часам узнікаюць непаразуменні, паколькі пакупнікі не заўсёды разумеюць, наколькі тэхніка складаная.

– Аднак усё адно непаразуменні вырашаюцца, інструменты рамантуюцца. Любы чалавек аддае грошы за пэўную рэч у спадзяванні, што яна бу­дзе працаваць. І, натуральна, расчароўваецца, калі здараецца паломка. Уся наша прадукцыя сертыфікаваная. Кожны інструмент мае гарантыйны тэрмін. Таму калі паломка падлягае гарантыйнаму рамонту – мы, вядома, яе ліквідуем, – запэўнівае кіраўнік крамы.

Ён таксама дадае, што важна заўсёды чытаць інструкцыю. Адна дэталь можа ў выніку прывесці да выхаду са строю ўсяго механізма.