Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, прагаласаваць на сёлетніх выбарах зможа 6 мільёнаў 995 тысяч 181 выбаршчык, у тым ліку 5 тысяч 742 – за межамі Беларусі.

Выбарчым правам у Беларусі валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 год.

Незалежныя назіральнікі падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам удзел у выбарах мае выключна добраахвотны характар. Ніхто не мае права прымушаць грамадзян удзельнічаць або не ўдзельнічаць у выбарах, а прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і цягне адказнасць.

Шэраг незалежных ініцыятыў па назіранні за выбарамі ў Беларусі стварылі спецыяльны мабільны дадатак “Вочы”. Спампаваўшы яго, выбаршчык зможа пераслаць незалежным назіральнікам інфармацыю аб парушэннях на выбарах. Дасланая карыстальнікамі інфармацыя пасля мадэрацыі адлюстроўваецца на анлайн-карце electby.org.

На пасаду прэзідэнта Беларусі прэтэндуюць чатыры кандыдаты: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, актывістка кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА “Беларускае казацтва” Мікалай Улаховіч.

Паводле звестак на 5 кастрычніка Цэнтрвыбаркам Беларусі акрэдытаваў 910 міжнародных назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца 11 кастрычніка.

Старшыня Цэнтрвыбаркама РФ Уладзімір Чураў асабіста будзе назіраць за ходам прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Мой маршрут будзе ўключаць у сябе пераважна заходнія раёны Беларусі. Гэта Ашмяны, Смаргонь, раён возера Нарач, Маладзечна і Мінск”, – растлумачыў ён.