Напрыканцы верасня ў Маладзечне запрацавала гарадское таварыства па абароне правоў спажыўцоў.

Спецыялісты гэтага грамадскага аб’яднання гатовыя бясплатна дапамагчы  пакупніку, чые правы парушаюць. Калі прадавец адмаўляецца рамантаваць ці мяняць няякасны тавар, юрысты таварыства дапамогуць скласці і накіраваць прадаўцу прэтэнзію, падаць іск у суд, правесці незалежную экспертызу тавару.

– Да нас ужо пачалі звяртацца, – распавядае кіраўнік кабінета таварыства па абароне правоў спажыўцоў Кацярына Балашова. – У аднаго чалавека праблемы з газавым катлом, у другога – з вокнамі, у трэцяга – з MP3-плэерам.

Таварыства не можа ўступіць у спрэчку, пакуль спажывец не паспрабаваў самастойна ўрэгуляваць канфлікт. Ён мусіць пісьмова звярнуцца да прадаўца, напісаць скаргу ці заяву. Калі ёсць адмова прадаўца ў патрабаванні пакупніка альбо калі прадавец ігнаруе скаргу, спажывец можа ісці ў таварыства. Пры гэтым мець усе неабходныя дакументы на прадукцыю, якая яго не задавальняе: квіток, гарантыю ці тэхпашпарт.

– Пасля гэтага мы заключаем дамову са спажыўцом і становімся на абарону яго правоў, – тлумачыць Кацярына Балашова. – Дапамагаем скласці прэтэнзію і накіраваць яе прадаўцу. Калі выніку няма, то звяртаемся ў суд і прадстаўляем інтарэсы пакупніка ў су­дзе. Калі рашэнне ўступіла ў сілу, але нявыкананае, звяртаемся ў аддзел прымусовага выканання. Гэта значыць, суправа­джаем спажыўца на ўсіх стадыях разбору яго прэтэнзіі.

Таксама, калі пэўны прадавец увесь час парушае правы спажыўцоў, таварыства па сваё ініцыятыве можа падаць іск у суд.

Кантактныя дадзеныя

Арганізацыя месціцца па адрасе: вул. Віленская, 12, каб. 23.

Тэлефоны бясплатнай гарачай лініі: (8-0176) 50-41-43, 8-029-764-24-07 .

Графік работы: панядзелак – субота, ад 11:00 да15:00.

Сайт таварыства, дзе можна знайсці карысную інфармацыю: belpotreb.by

Бензапілу, набытую ў маладзечанскай краме, адмовіліся рамантаваць па гарантыі. Справа дайшла да суда