Апроч іншых пісьменніца напісала кнігу “Чарнобыльская малітва”. Гісторыям, апісаным у ёй, ужо больш за 25 год, але нішто з узгаданага ў дакументальнай прозе дагэтуль не змянілася. Зялёны партал друкуе некаторыя вытрымкі з кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”.

“У нас – інструкцыя. Такія выпадкі мы пакуль што павінны ацэньваць, як агульнае захворванне”

“Мая дзяўчынка… Яна не такая, як усе… От яна падрасце, і яна спытаецца ў мяне: “Чаму я не такая?”

Як яна нарадзілася… Гэта было не дзіцятка, а жывы мяшэчак, зашыты з усіх бакоў, ніводнай шчылінкі, толькі вочкі расплюснуты. У медыцынскай картачцы запісана: “дзяўчынка, народжаная з множнай комплекснай паталогіяй…”

Чатыры гады ваявала… З урачамі, з чыноўнікамі… Стукалася ў высокія кабінеты…Толькі праз чатыры гады мне выдалі медыцынскую даведку, якая пацвярджае сувязь іянізуючай радыяцыі (малых дозаў) з яе страшэннай паталогіяй.

Мне адмаўлялі чатыры гады, мне ўсё казалі: “Ваша дзяўчынка — інвалід дзяцінства”. Які ж яна інвалід дзяцінства? Яна – інвалід Чарнобыля. Я вывучыла сваё радаводнае дрэва: не здаралася ў нашым родзе такога, да васьмідзесяці-дзевяноста гадоў усе жылі, мой дзядуля – да дзевяноста трох.

Урачы апраўдваліся: “У нас – інструкцыя. Такія выпадкі мы пакуль што павінны ацэньваць, як агульнае захворванне. Вось праз дваццаць-трыццаць гадоў, калі назапасіцца банк чарнобыльскіх дадзеных, пачнём звязваць хваробы з іянізуючай радыяцыяй. А пакуль што медыцыне і навуцы пра гэта мала што вядома”.

“Чаму хаваюць, які радыёфон?” – “Правакацыі ўчыняеш!”

“Я толькі што вярнуўся з Афганістана. Жыць хацеў. Ажаніцца. Адразу хацеў ажаніцца. А тут – позва з чырвонай палоскай. “Спецзборы” –  на працягу гадзіны было па ўказным адрасе. Маці адразу ў слёзы. Яна парашыла, што мяне зноў забіраюць на вайну.

Куды вязуць? Навошта? Невядомасць суцэльная. У Слуцку пераапранулі, абмундзіравалі, і тут адкрылася, што едзем у райцэнтр Хойнікі. Прыехалі ў Хойнікі, там людзі яшчэ нічога не ведалі. Павезлі далей, у вёску, і там гуляюць вяселле: маладыя цалуюцца, музыка, п’юць самагонку. Вяселле як вяселле. А нам загад: зразаць грунт на штык.

Дзевятага мая – на Дзень Перамогі прыехаў генерал. Пастроілі нас, павіншавалі са святам. Адзін са строю асмеліўся і запытаўся: “Чаму хаваюць, які радыёфон? Якія атрымліваем дозы?” Адзін такі знайшоўся. Дык яго, як генерал паехаў, выклікаў камандзір часці і даў наганяй: “Правакацыі ўчыняеш! Панікёр!!” Праз пару дзён нейкія супрацьгазы выдалі, але ніхто імі не карыстаўся”.

“Ніякага Чарнобыля няма, прыдумалі. Але як падумаю – у кожнай хаце нехта памёр”

“Радыё ўключу. Палохаюць і палохаюць нас радыяцыяй. А нам пры радыяцыі стала лепш жыць. Крыжам пабажуся! Ты паглядзі: прывезлі апельсіны, тры гатункі кілбасы, калі ласка… У вёсцы! Мае ўнукі паўсвету аб’ехалі. Меншая дзяўчынка вярнулася з Францыі, гэта ж некалі Напалеон адтуль наступаў… “Бабуля, я бачыла ананас!” Другога ўнука… Браціка яе ў Берлін на лячэнне бралі… Гэта туды, адкуль на нас Гітлер пёр… На танках… Новы свет цяпер… Усё па-іншаму…

Радыяцыя гэтая вінавата ці хто? А якая яна? Можа, у кіно дзе паказвалі? Вы бачылі? Белая, ці якая яна? Якога колеру? Адны кажуць, што без колеру і паху, а другія, што яна чорная. Як зямля! А калі без колеру, то  як Бог. Бог усюды, а ніхто не бачыць. Палохаюць! А яблыкі ў садзе вісяць і ліст на дрэвах, бульба ў полі… Я думаю, што ніякага Чарнобыля няма, прыдумалі… Падманулі людзей…

Сястра мая са сваім мужыком выехалі… Недалёка тут, за дваццаць кіламетраў. Два месяцы там пажылі, бяжыць да іх суседка: “Ад вашай каровы радыяцыя пералезла да маёй. Карова з ног валіцца”.  “А як яна пералезе?”  “Яна па паветры лятае, як пыл. Лятучая”. Казкі! Казкі з прыказкай…

Але як падумаю — у кожнай хаце нехта памёр…”

З маналогу Ганны Пятроўны Бадаевай, самасёлкі.