Сярэбраны прызёр першых Еўрапейскіх гульняў у Баку маладзечанскі баксёр Дзмітры Асанаў стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету ў катэгорыі да 56 кілаграмаў.

У паўфінале сусветнага форуму, які праходзіць у сталіцы Катара горадзе Доха, Асанаў сустрэўся з чэмпіёнам Еўропы і медалістам летніх Гульняў у Лондане Майклам Конланам з Ірландыі. На жаль, беларус уступіў па ачках у трох раўндах – 0:3 (27:30, 28:29, 28:29) і не выйшаў у фінал. Але ўдастоіўся бронзавай узнагароды, паколькі паядынкі за 3-е месца на турнірах вышэйшай катэгорыі не праводзяцца.

Медаль Дзмітрыя Асанава стаў адзіным для зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету.

Дзмітры Асанаў пастараецца забяспечыць сабе пуцёўку на Алімпіяду-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра ў кваліфікацыйным баі з няўдачнікам другога паўфінальнага паядынку ў гэтай катэгорыі індусам Шыва Тапа.

Бой за алімпійскую ліцэнзію адбудзецца 15 кастрычніка, у заключны дзень чэмпіянату свету.