Эспрэса – кававы напой, які можна выпіць асобна або выкарыстаць як мацунак для іншых напояў з кавы: капучына, латэ, амерыкана і інш.

Называецца ён “эспрэса”, відаць, таму, што робіцца пад ціскам, а такі спосаб дазваляе выцягнуць з кавы ўвесь яе клёк, і напой выходзіць незвычайна духмяны моцны і выразны. Лацінскі дзеяслоў ex-primo (дзеепрыметнік expressus), што значыць “выціскаць”, перайшоў у раманскія мовы часта са значэннем “выражаць”. Таму наш напой і называецца espresso – выразны, экспрэсіўны. 

Слова гэтае ў нашай мове даволі новае і мы часта не ведаем, як дапасаваць да яго прыметнікі. Падвойны эспрэса, падвойнае эспрэса ці падвойная эспрэса?

Зазвычай нашая мова, калі сустракае іншамоўнае слова адзяе яго ў ніякі род – адно эспрэса. Гэта адлюстраваў наш “Слоўнік беларускай мовы”, які падае эспрэса з ніякім родам. Але не толькі. Другі варыянт – жаночы род. Відаць, логіка стваральнікаў слоўніка, што эспрэса, маўляў, гэта кава, а калі кава – “яна мая”, то і эспрэса павінна быць “яна мая”. Лагічна. І калі мы ўжываем слова “эспрэса” разам са словам “кава”, то і праўда інакш як “падвойная кава эспрэса” не скажаш.

Але калі мы зірнём на рэчаіснасць мовы – у інтэрнэт і меню нашых кавярань, то заўважым, што наша слова мае часцей за ўсё мужчынскі род:

31 снежня яны прачнуліся побач. На адной палічцы кнігарні Логвінаў. Свежыя як ранішні нумар Саўбелкі і выбуховыя як падвойны эспрэса. (Максім Жбанкоў, “Бабкоў/Клінаў. Падвойны партрэт у зоне бязладдзя”, nmnby.eu)

Што гэта? З аднаго боку гэта можа быць уплыў мовы арыгіналу: espresso па-італьянску – мужчынскага роду. З другога боку гэта можа быць тая самая логіка, што і ў аўтараў слоўніка: маўляў эспрэса гэта такі напой, напой мужчынскага роду, то і эспрэса мужчынскага роду.

Мы бачым, што мова яшчэ не засвоіла гэтага слова. Яна адно прыглядаецца да яго: дзе б яго прыладзіць і як аздобіць. Калі Вы спытаеце мяне, то я прагназаваў бы, што мужчынскі род пераможа. Дарма, што яго не прызналі яшчэ ў слоўніку.

У выкарыстоўванні моўных з’яў не варта быць першым. Так казаў адзін вельмі заслужоны прафесар. Каб нам не стацца ў чымсьці першымі і незразуметымі – лепш заўсёды зірнуць у слоўнік. Але памятайма, што слоўнік гэта яшчэ не ўся рэчаіснасць мовы і калі Вы кажаце інакш – гэта не заўсёды значыць, што Вы кажаце няправільна. Для новых словаў гэта асабліва актуальна.

А калі Вы папросіце капучына на падвойным мацунку, то тэарэтычна гэта таксама павінна быць зразумелым. Ці не?

Лявон Маліноўскі, “Наша Ніва”.

Размаўляем па-беларуску: як правільна перакласці слова “общаться”

Цуранне беларускіх словаў, упіхванне ў неакадэмічныя слоўнікі і жука і жабы – развагі пра тое, што чакае беларускую мову

Беларускай мовы няма на карце галоўных моў свету

Ці праўда, што па-беларуску не кажуць “добрай раніцы”