Таццяна Матафонава – пастаянная ўдзельніца сплаву па Вяллі “Шляхам Тышкевіча“.

У нядзелю, 11 кастрычніка, беларусы Нью-Ёрка сабраліся ў грамадска-царкоўнай залі на Атлантык-Авеню, 401.

Амаль кожны тыдзень у гэтым беларускім цэнтры адбываюцца нейкія імпрэзы, мерапрыемствы, акцыі. Гэтая была асабліва цікавая, бо чакаўся канцэрт вядомай спявачкі Таццяны Матафонавай з Мінска.

Таццяну нью-ёркскія беларусы добра ведаюць. У 2009 годзе яна ўжо была тут з канцэртам і пакінула самыя добрыя ўражанні і ўспаміны. Таму цяпер яе віталі з асаблівай цеплынёй і цікавасцю.

Шчымлівыя родныя беларускія мелодыі расхвалявалі прысутных, адгукнуліся у сэрцах болем і смуткам па далёкай Бацькаўшчыне. У многіх былі слёзы на вачах. Прысутныя сардэчна дзякавалі таленавітай спявачцы. Запрашалі ў будучыні зноў завітаць у Нью-Ёрк.

Таццяна Матафонава ў Нью-Ёрк прыехала з нагоды прафесійных музычных студый і адначасна пагадзілася парадаваць сваімі спевамі амерыканскіх беларусаў у Нью-Ёрку і Кліўлендзе.

Канцэрт не быў прымеркаваны да той палітычнай падзеі, якая у гэты дзень адбывалася ў Беларусі. Аднак у слухачоў ён абвострыў цікавасць да прэзідэнцкіх выбараў. Пасля канцэрту ўвага прысутных накіравалася на вялікі экран на сцэне, дзе можна было назіраць наўпроставы рэпартаж з акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска.

Наша Ніва” паводле Belarusworld Baza.