Першым з гэтай падзеяй тых, хто падпісаў пагадненне, павіншаваў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

– Амаль кожны квартал-паўгода праходзяць мерапрыемствы нашых устаноў, арганізацый сумесна з беларусамі замежжа. Гэта практыка, але трэба гэта, як мы прывыклі, пакласці на паперу, –адзначыў чыноўнік. 

Ён сказаў, што апошнім часам усё часцей у Мінкультуры звяртаюцца супольнасці беларусаў замежжа, якія жадаюць устанавіць культурнае супрацоўніцтва з Беларуссю. 

Устанаўленне супрацоўніцтва паміж Купалаўскім музеем і ФНКА Сяргей Кандыбовіч параўнаў з пасадкай “зярнятка, з якога ў кожным беларускім сэрцы расіяніна вырасце папараць і прарасце цудоўнай кветкай”.

– Беларусы Расіі – гэта адданыя сыны сваёй гістарычнай радзімы. Нашы беларускія сэрцы б’юцца ва ўнісон з усім беларускім народам, дзе пахаваныя нашы продкі, дзе нашы карані, – сказаў ён. 

Адзін з першых сумесных праектаў, над якім працуюць музей і аўтаномія беларусаў у Расіі, датычыцца ўстаноўкі помніка Янку Купалу ў сяле Печышчы каля Казані (Рэспубліка Татарстан), дзе беларускі паэт жыў разам з сям’ёй пасля эвакуацыі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Печышчы сталі апошнім прыстанкам Купалы – неўзабаве яго чакала фатальная паездка ў Маскву, дзе ён загінуў пры таямнічых акалічнасцях. Цяпер у гэтым татарскім сяле размешчаны адзіны ў Расіі музей Купалы. 

Алена Ляшковіч расказала, што ўстанавіць помнік паэту ў Печышчах плануецца ў 2017 годзе. Беларускі скульптар Павел Вайніцкі бясплатна стварыў эскізы помніка. Зараз неабходна знайсці архітэктара, які б падрыхтаваў канцэпцыю па добраўпарадкаванні вызначанай тэрыторыі, а таксама фінансавыя сродкі для стварэння помніка. 

Аўтары праекта спадзяюцца, што з фінансаваннем дапаможа Міністэрства культуры Беларусі.

Падчас 14-га Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі міністр культуры Барыс Святлоў даў інтэрв’ю журналістам, у якім расказаў, ці з’явіцца помнік Купалу ў Маладзечне.

− У нас вядзецца работа ў гэтым накірунку. Як заўсёды, пытанне ў грашовых сродках.  Таму давайце трохі пачакаем. У нас ёсць шмат яшчэ нявыкананых абавязкаў таго ж Міністэрства культуры не толькі перад Янкам Купалам, але, можа, нават у першую чаргу, перад Максімам Танкам, стагоддзе якога мы адзначаем сёлета. Шмат іншых нашых выдатных песняроў. Будзе і Янку Купалу ў Маладзечне помнік таксама.

Даведка “РГ”. Макет помніка песняру ў 2010 годзе зрабіў скульптар Валяр’ян Янушкевіч у межах падрыхтоўкі да рэспубліканскіх Дажынак. Да Дажынак помнік не зрабілі. Потым чыноўнікі назвалі наступную дату – 2012 год, калі святкавалася 130-годдзе паэта. Падчас абласных Дажынак у 2012 годзе тагачасны старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура паведаміў, што тэрміны вытрымліваюць і ён можа з’явіцца ў снежні.

Паводле “Нашай Нівы”.

Міністр культуры паабяцаў помнік Янку Купалу ў Маладзечне

На помнік Купалу ў Маладзечне няма грошай

“Дажынкі” і новы духоўны цэнтр Маладзечна

Відэаапытанне маладзечанцаў. Хто такі Янка Купала?