Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) распрацавала інструкцыю, у якой распісаны парадак кантролю за адпаведнасцю расходаў грамадзян іх даходам. Рабіць гэта інспектары будуць на падставе наяўных у распараджэнні падатковых органаў звестак аб даходах, маёмасці і іншых выдатках грамадзян без патрабавання дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Адпаведны дакумент апублікаваны 13 кастрычніка на Нацыянальным прававым партале.

У чым галоўная асаблівасць новай інструкцыі, бо на справе МПЗ і раней выяўляла грамадзян, “якія жывуць не па сродках”? Як правіла, у поле зроку падатковых органаў траплялі тыя, хто доўга не працуе, але здзяйсняе траты, або тыя, хто дазваляе сабе дарагія пакупкі – аўто, элітныя кватэры і гэтак далей. Такім грамадзянам даводзілася запоўніць дэкларацыю аб даходах і маёмасці, на падставе якой падатковая вырашала, што рабіць далей.

У новай інструкцыі распісана некалькі іншая схема. Падатковы орган на падставе наяўнай інфармацыі аб даходах, маёмасці і іншых выдатках грамадзяніна складае разлік.

Пры гэтым, пад даходамі грамадзян маюцца на ўвазе любыя грашовыя сродкі, у тым ліку пазыкі, а таксама iншая маёмасць, атрыманая ад грамадзян або замежнікаў, асоб без грамадзянства і арганізацый. Пад выдаткамі маюцца на ўвазе любыя грашовыя сродкі і маёмасць, накіраваныя грамадзянамі на набыццё маёмасці і (або) іншыя мэты.

– Разлік складаецца за кожны каляндарны год, пачынаючы ад 1 студзеня 2015 года, за які ў падатковым органе маюцца дадзеныя аб атрыманых грамадзянінам даходах і зробленых выдатках, – сказана ў тэксце інструкцыі.

Важна адзначыць, што дакумент улічвае і сітуацыю з курсамі валют:

Атрыманыя ў замежнай валюце даходы, за кошт якіх грамадзянінам зроблены расходы, а таксама зробленыя ім у замежнай валюце выдаткі пералічваюцца ў беларускія рублі па афіцыйным курсе замежнай валюты, устаноўленаму Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь на дату выдаткаў.

Калі вядомы год, у якім былі атрыманы даходы, але не вядомая дакладная дата, то лічыць будуць па курсе на апошні дзень года.

Выдаткі ў аналагічным выпадку будуць лічыць па курсе на першы дзень года, у якім былі зроблены траты.

Пасля таго, як падатковая складзе разлік, дадзеныя аб выдатках і прыбытках будуць супастаўленыя.

– Пры гэтым улічваюцца толькі сумы даходаў, атрыманыя не пазней даты правядзення выдаткаў. Даходы, атрыманыя пасля даты правядзення расходаў, пад увагу не прымаюцца і ўлічваюцца як даход, які застаўся ў распараджэнні грамадзяніна, на наступныя выдаткі, – удакладняецца ў пастанове.

Калі выдаткі адпавядаюць прыбыткам, то інспектар аформіць спецыяльнае заключэнне, якое будзе захоўвацца ў падатковай.

Калі выдаткі перавысяць даходы (альбо факт атрымання даходу не пацвердзіцца), грамадзяніну на працягу 5 дзён накіруюць пісьмовае патрабаванне аб дачы тлумачэнняў аб крынiцах даходу.

Гэта патрабаванне накіроўваецца або заказным лістом па пошце, або ўручаецца асабіста пад роспіс.

Далей схема стандартная: на падставе тлумачэння робіцца ўдакладнены разлік і прымаецца рашэнне аб неабходнасці выплаты падаходнага падатку з сумы перавышэння.

Дарэчы, як вядома, з гэтага года падатковая атрымала доступ да банкаўскай таямніцы: гаворка ідзе аб пакупніках валюты, а таксама атрымальніках крэдытаў. Тады ж стала вядома, што ў МПЗ ёсць база, якая ў аўтаматычным рэжыме супастаўляе даходы і выдаткі грамадзян.

“Наша Ніва” паводле finance.tut.by.