Як і ў мінулым туры, “Смаргонь” 11 кастрычніка прайграла ў гасцях з лікам 2:4. На гэты раз, “Крумкачам” з Мінска.
Гаспадары выйшлі наперад на 8-й хвіліне. На 36-й смаргонцы забілі гол ў адказ. Яўген Калінін увайшоў у штрафную і выдаў мяч міма варатара, які кінуўся яму ў ногі, пад удар Уладзіміру Казко. Таму заставалася толькі патрапіць у вароты.
Праз тры хвіліны гаспадары павялі 2:1. Як пры першым голе, укалацілі мяч у сетку з лічаных метраў.
Фота Ганны Занковіч
Смаргонцы мелі мелі некалькі цудоўных магчымасцяў зраўняць лік. Але мяч то трапляў у крыжавіну, то абаронца выносіў яго з пустых варот. Пакуль на 62-й хвіліне Яўген Калінін дакладным ударам не паклаў мяч у кут варот: 2:2.
Праз дзве хвіліны “Крумкачы” зноў выйшлі наперад. А на 87-й хвіліне Піліп Іваноў адабраў мяч у цэнтры поля ў абаронцы “Смаргоні” і ўдарыў. Мяч пераляцеў варатара Радзівона Жука, які выйшаў далёка з варот, і закаціўся ў сетку.
– Чарговы гол з цэнтра поля, – прыгадалі заўзятары “Смаргоні”.
Так, прапускаць галы з цэнтра поля ў канцы матчу становіцца сумнай традыцыяй для смаргонцаў. Практычна год таму атрымалі гол са штрафнога амаль з цэнтра поля ў сустрэчы з пінскай “Хваляй”, і вось цяпер.
“Смаргонь” пасля гэтага паражэння апусцілася на сёмае месца.