Паэтэса з Ільі Аксана Ярашонак на мінулым тыдні вярнулася з Міжнароднага літаратурнага фестывалю, які праходзіў у Растоўскай вобласці.
Фестываль “Берагі дружбы” ладзяць ад 2013 года.
Паэты, якія ў ім удзельнічаюць, перакладаюць вершы рускіх калег на беларускую мову. У апошнім зборніку “Атожылкі славянскага камля” вершы беларускіх паэтаў пераклалі на рускую (Ганна Вартаньян) і ўкраінскую (Вольга Сафронава) мовы.
Арганізатарам і натхняльнікам фестывалю стаў паэт Леанід Север. Ён нарадзіўся ў Таганрогу, але ў дзяцінстве і юнацтве жыў у Гомелі.
– Паколькі з Беларусі я была адна, разумела, што толькі ад мяне залежыць, наколькі часта гледачы і калегі будуць чуць беларускую мову і што падумаюць пра беларускую літаратуру, – каментуе паэтэса.
Праграма фестывалю заняла тры дні, 25-28 верасня. Паэты выступалі ў школах раёна. Аксана Ярашонак выступала разам з Леанідам Северам.
Для гасцей зладзілі экскурсію ў летнюю школу Няклінаўскага раёна, выступленне ў парку імя Чэхава. Паэты прэзентавалі сваю перакладчыцкую дзейнасць у Растоўскім Доме журналіста.