Ад 1 кастрычніка пачалося загоннае паляванне на капытных жывёл. Ад 3 кастрычніка адкрыўся сезон палявання на зайца-русака 
і зайца-беляка з дыпламаванымі гончымі сабакамі.

Падчас палявання неабходна трымацца Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, Правілаў бяспечнага палявання і Правілаў бяспечнага абыхо­джання са зброяй.

Іх парушэнні – галоўная прычына ўсіх няшчасных выпадкаў на паляванні.

Паводле Правілаў бяспечнага палявання, забараняецца:

– выкарыстоўваць паляўнічую зброю з няспраўнасцямі,

– прымяняць патроны, якія не адпавядаюць паляўнічай зброі,

– ехаць у транспарце з зараджаным ружжом,

– даставаць сабраную стрэльбу за ствол з лодкі, павозкі, саней ці іншага транспарту,

– страляць на шум, шорах, па слабабачнай цэлі, а таксама ў тумане, у моцны снегапад, супраць сонца, увогуле пры кепскай бачнасці. Нельга страляць пры абмежаванай бачнасці і па птушцы пры ўзлёце, калі яна ніжэй за 2,5 метра ад зямлі,

– страляць ці быць з зараджанай зброяй менш чым у 200 метрах ад крайняга будынка населенага пункта,

– страляць у бок лю­дзей, населеных пунктаў, сельскагаспадарчых жывёл, транспарту з агнястрэльнай гладкаствольнай зброі на адлегласці менш за 500 метраў і з агнястрэльнай зброі з наразным ствалом пры адлегласці менш за 2 кіламетры,

– накіроўваць стрэльбу, у тым ліку незараджаную, на чалавека, хатнюю жывёлу ці месца іх размяшчэння,

– без неабходнасці страляць, узводзіць курок ці здымаць з засцерагальніка,

– страляць з лодкі праз весляроў ці іншых паляўнічых у лодцы,

– дабіваць прыкладам параненую жывёліну.

Паляўнічая зброя павінна быць разраджанай пры пераездзе ў іншы загон, перад пасадкай у транспарт.

Кожны стралок, які стаіць на нумары, павінны дакладна ведаць размяшчэнне суседніх нумароў і ўсёй стралковай лініі.

Паляўнічы можа страляць толькі тады, калі ўпэўніцца, што ў накірунку выстралу няма людзей ці свойскіх жывёл.

На загонныя паляванні зараджаць зброю можна толькі на нумары. Разрадзіць трэба перад зыходам з нумара.

Пры правядзенні загоннага палявання забараняецца:

– праводзіць яго ў змроку, тумане, у моцны снегапад, ва ўмовах кепскай бачнасці,

– мяняцца нумарамі, самому выбіраць месцы і сыходзіць з нумара да заканчэння загона, акрамя выпадкаў, калі павінны дапамагчы чалавеку, які трапіў у бяду,

– прымяняць самазарадную зброю з ёмістасцю магазіна больш чым на пяць патронаў,

– страляць па жывёлах уздоўж стралковай лініі, за межамі свайго сектара, пасля сігналу аб заканчэнні загона.

Выстралам уздоўж стралковай лініі лічыцца выстрал пад такім вуглом да яе, калі снарад ці частка снарада праляцяць на адлегласці бліжэй за 15 метраў ад суседняга нумара.

Нельга карыстацца збро­яй п’яным ці ў стане ўз­дзеяння наркатычных, таксічных, псіха­тропных сродкаў. Нельга браць ружжо пад ­уздзеяннем лекаў, якія зніжаюць увагу і рэакцыю, стомленым ці хворым.