Маштабныя работы вядуцца цяпер на вуліцы 1 Мая ў Вілейцы. Гэта вуліца даўно ўжо выклікала нараканні віляйчан.

– Там не было ліўневай каналізацыі, – кажа дырэктар Вілейскага дзяржаўнага каледжа Ігар Кіцікаў. – Таму і стаялі лужыны, перашкаджалі ездзіць, машыны аблівалі пешаходаў. Вада разбурала пакрыццё і машыны. Лічу, людзі гатовыя цярпець часовыя нязручнасці, каб гэтыя праблемы вырашыліся.

 – Праект прадугледжвае будаўніцтва сетак ліўневай каналізацыі і поўнае добраўпарадкаванне  вуліцы, – расказвае намеснік дырэктара Вілейскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ніна Сялюн. – Згодна з ім, у асобных месцах пашыраць праезную частку, паставяць бардзюры з усіх бакоў, бо водаадвод будзе забяспечаны праз ліўневую каналізацыю. Дзе трэба, дабудуюць тратуары. На ўсім участку ўкладуць новае асфальтабетоннае пакрыццё.

– Што гэта дасць віляйчанам?

–  Яны атрымаюць абноўленую вуліцу – роўную, прамую, шырокую. А калі абноўленая вуліца, то адпаведна і ўсе зручнасці. Цяпер вадой цябе на абліюць. Як бывала: лужа стаіць, машына праехала, абліла вадой. Ішоў на працу –  разварочвайся і ідзі дамоў пераапранацца.

Работы запланаваныя на ўчастку ад райаддзела міліцыі да чыгуначнага пераезду. Скончыць іх мяркуюць у лістападзе. 

Для будаўніцтва ліўневай каналізацыі капалі глыбока

Для будаўніцтва ліўневай каналізацыі капалі глыбока

Ля калгаснага рынку зробяць паркоўку

Значнае пераўтварэнне чакае тэрыторыю ля калгаснага рынку.

–  Па праекце там пабудуюць паркоўку на 21 месца. Праезную частку выпрамяць, з абодвух бакоў паставяць бардзюры.  А перад шапікамі  пабудуюць тратуар, – расказвае Ніна Сялюн.

Аб’ём работ на аб’екце вялікі, праводзілі тэндар. Выйграла яго ПМК-212 з Маладзечна.

Пераўтварэнне вуліцы – гэта толькі пачатак праекта.  

– Вуліца 1 Мая – гэта першая чарга вялікага праекта. Ён называецца “Будаўніцтва сетак ліўневай каналізацыі  па вуліцах 1 Мая і Чапаева ў Вілейцы”. Сёлета вядуцца работы на першай чарзе праекта, – кажа Ніна Сялюн.