Ф’ючарс – гэта фінансавы тэрмін, які абазначае пэўны від дамовы паміж прадаўцом (купцом) і біржай на нейкі акрэслены тэрмін у будучыні. Менавіта ў такой постаці гэтае слова падаецца ў “Слоўніку беларускай мовы”.

Тэма запазычанняў – цяжкая і няўдзячная, але ігнараваць яе нельга, бо большасць моўных спрэчак якраз вакол яе і абарачаецца. Сотню год мы намагаемся прыдумаць універсальны спосаб адаптацыі іншамоўных слоў ды ўпарта запісваем гэтыя спробы ва ўсе выданні правапісаў. На маю думку, для нашай фанетычнай сістэмы гэта немагчыма. Дый гэтае пытанне, відаць, наогул не датычыць правапісу.

Першы спрэчны пункт – ці можна дазволіць прышламу слову паддацца закону акання. Зусім нядаўна, нешта са сто год таму, не дазвалялі зусім: казалі і пісалі “мітолёгія”, “фразэолёгія” і г. д. Потым згадзіліся, што “о” будуць паддаваць правам акання, а “э” не будуць. У апошнім выданні правапісу на некаторыя выпадкі з “э” таксама пастанавілі пашырыць законы акання. Цяпер пішуць і кажуць “лідар”, “катар”, “прадзюсар”.

Ці слова “ф’ючарс” пасуе да гэтай схемы? Відаць, тут -er не можа зрабіцца -ar, бо гэта не -er, а -ure ў англійскім выданні. Відавочна -ure таксама пастанавілі ўспрымаць як -ar. І слушна, бо ўсе няясныя галосныя (як у гэтай англійскай фіналі) ў нас усё ж такі маюць цягу да [а].

А калі наогул пра нейкую фанетычную паслядоўнасць казаць, то заслужаны мовазнаўца, прафесар Фёдар Янкоўскі калісьці пісаў, што ў беларускім літаратурным вымаўленні кожнае ненаціскное [э] вымаўляецца вельмі блізка да [а]. Таму незалежна ад таго як яно пішацца – права акання ў вусным маўленні не варта абмяжоўваць. Так проста лягчэй беларускаму моўнаму апарату.

І ў нашай фанетычнай сістэме лагічна было б, каб тое што вымаўляецца – шчодра адлюстроўвалася на пісьме. Абы яно сапраўды вымаўлялася, а не ляжала ў слоўніках, не раўнуючы бы той злом. Таму вымаўляйце.

Лявон Маліноўскі, “Наша Ніва”.

Размаўляем па-беларуску: як правільна да слова эспрэса дапасаваць прыметнік

Размаўляем па-беларуску: як правільна перакласці слова “общаться”

Цуранне беларускіх словаў, упіхванне ў неакадэмічныя слоўнікі і жука і жабы – развагі пра тое, што чакае беларускую мову

Беларускай мовы няма на карце галоўных моў свету

Ці праўда, што па-беларуску не кажуць “добрай раніцы”