Сістэма відэаназірання, якая працуе ў Маладзечанскім лясгасе ад восені, у першую чаргу скіраваная на тое, каб людзі перасталі выкідаць смецце ў неналежных месцах.

– На тэрыторыі Маладзечанскага лясгаса ўсталявалі чатыры фотапасткі, – распавёў інжынер па ахове лесу Павел Самаль. – Усе яны дзейнічаюць. Мы збіраем і правяраем інфармацыю кожныя два дні. Вынік ёсць і, мяркую, будзе яшчэ лепшы. Паказваеш чалавеку здымак, і яму няма куды хавацца. Ён ужо не можа сказаць, што гэта не яго смецце, а хлопца, які хвіліну таму праязджаў міма на ровары.

Спецыяліст лічыць, што таксама дапамагаюць шыльды “Працуе відэафіксацыя”, якія нагадваюць, што можна трапіць у аб’ектыў.

Ставяць фотапасткі ў месцах, дзе найчасцей ходзяць людзі і часцей з’яўляецца смецце. Павышаная цікавасць да месцаў адпачынку. Хоць там і ёсць куды выкідаць смецце, людзі ўсё адно пакідаюць яго пасля сябе.

– Месцы, куды ставім камеры, увесь час мяняем, – заўважае Павел Самаль. – Дзе заўгодна можна апынуцца пад камерай.

Некалькі чалавек  ужо прыцягнулі да адказнасці. За парушэнне пагражае ад папярэджання да 20 базавых велічынь.

У Мінскай вобласці такая практыка з’явілася спачатку ў Валожынскім лясгасе. Там відэа зафіксавала бабулю, якая выкідвала смецце ў кар’ер.

– Як пачалі працаваць з камерамі, спачатку вывучалі сістэму. Эксперыментавалі з наладкамі, высвятлялі, якія лепш выкарыстоўваць у рознае надвор’е. Сістэма прыносіць плён, аднак яшчэ ранавата казаць, што яна працуе на сто адсоткаў, – кажа спецыяліст.

Ён таксама просіць усіх жыхароў адказна ставіцца да выкідвання смецця.