Цягам васьмі папярэдніх месяцаў у рэгіёне ад 20 да амаль 80 прадпрыемстваў мелі нявыплаты па заробках. Сёлета цягам верасня ўпершыню ўсю запазычанасць выплацілі. 

Беларускі эканамічны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што запазычанасць ліквідавалі ў загадным парадку напярэдадні выбараў.

Які эканамічны прагноз дае аналітык

Паводле версіі Сяргея Чалага, курсы долара і еўра моцна ўздымацца ці падаць не павінны. Затое можа вырасці інфляцыя.

Эканаміст не чакае, што падскочыць цана на паліва.

Заробкі, хутчэй за ўсё, не парадуюць беларусаў. Паколькі іх рост магчымы толькі пры росце вытворчасці працы, то павышэння чакаць няма адкуль.

Аналітык упэўнены ў будучым падаражэнні камунальных паслуг. Як звычайна, яно адбудзецца паступова. Магчыма, больш інтэнсіўны рост традыцыйна пачнецца пасля 1 студзеня.

Афіцыйна: чакаць павышэння камуналкі варта

Словы незалежнага эканамічнага аналітыка пацвердзіў 13 кастрычніка міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, паведамляе БелаПАН.

– Тарыфы дастаткова стабільныя на нашым рынку. У найбліжэйшым часе мы пралічваем у межах праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця тарыфы на сярэднетэрміновую і кароткатэрміновую перспектыву. Каб мы не адставалі ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў макраэканоміцы, тарыфы для насельніцтва будуць павышацца, але яны будуць прывязаныя да ўзроўню даходаў нашых людзей, – сказаў міністр.