Матчы 24 тура чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе 18 кастрычніка каманды рэгіёна правялі ў гасцях.

Ачкі набрала толькі “ДЮСШ-4” з Маладзечна.

Вілія гуляла з “Крупкамі-ДРБУ” і прайграла 0:2.

– Гулялі добра, але не пашчасціла,– расказвае прадстаўнік “Віліі” Алег Гулевіч. – Мелі тры стопрацэнтныя моманты і не рэалізавалі ніводнага. Далей спрацавала старое футбольнае правіла: “Не забіваеш ты – забіваюць табе”. Неўзабаве прапусцілі адзін гол. Пайшлі ў атаку –  і атрымалі другі.

“ДЮСШ-4”  перайграла “СМІаўтатранс” са Смалявіцкага раёна 2:1. Галы ў маладзечанцаў на рахунку Ігара Талькоўскага і Сяргея Галюка.

“Забудова-Буд” прапусціла шэсць галоў у Дзяржынску ад ФК “Фалько”, а забілі чысцінцы толькі тройчы (два з галоў на рахунку Аляксандра Працкевіча).

У наступным туры “Вілія” дома прыме ФК “Фалько”, а “Забудова-Буд” –  “Нёман-Агра”.  “ДЮСШ-4” адправіцца ў госці да “Зоркі”.

Лідары сінхронна перамаглі, і “ДЮСШ-4” з Маладзечна засталася на трэцім месцы з тым жа адставаннем ад  “Коласа” у пяць ачкоў, ад ФК “Фалько” – у адно. 

Падрабязней глядзіце ў турнірнай табліцы з сайта Федэрацыі футбола Мінскай вобласці