“РГ” паведамляла, што здарэнне адбылося ў Маладзечне 4 ліпеня на завулку Асіпенкі. Па дарозе ішлі дзяўчынка разам з братам. Кіроўца на аўтамабілі “Фіат Тэмпра” выехаў за межы праезнай часткі і наехаў на школьніцу. У выніку 12-гадовая дзяўчынка атрымала цяжкія пашкоджанні, яна трапіла ў рэанімацыю. 10-гадовы хлопчык моцна спалохаўся і збіў калені.

Кіроўца ўцёк з месца здарэння. 54-гадовага жыхара Чысці затрымалі на наступны дзень.

Следчыя  ўстанавілі, што кіроўца праявіў злачынную нядбайнасць і няўважлівасць. Мужчына адцягнуў увагу ад кіравання машынай: адкрываў люк аўтамабіля. Ён не прыняў своечасовых мер да зніжэння хуткасці, расказала афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

Следчы эксперымент паказаў, што кіроўца меў магчымасць бачыць юных пешаходаў. Мужчына знаходзіўся за рулём у нецвярозым стане. З яго слоў, ён выпіў піва.

Фота забяспечана Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

Фота забяспечана Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

Да таго ж, мужчына не аказаў неадкладную дапамогу дзіцяці і не выклікаў “хуткую дапамогу” і ДАІ. Ён уцёк з месца здарэння і пакінуў дзяўчынку ў небяспечным для жыцця стане.

У сукупнасці мужчыне прад’явілі абвінавачванне за парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. А таксама за пакіданне ў небяспецы, якое здзейсніла асоба, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця стан.

Падследнага заключылі пад варту. Крымінальную справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Фота забяспечана Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

Фота забяспечана Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

У Маладзечне кіроўца наехаў на шасцікласніцу. Дзяўчынка трапіла ў рэанімацыю. Кіроўца ўцёк