26 кастрычніка. 205 гадоў з дня нараджэння Генрыка Дмахоўскага (1810 – 1863), беларускага скульптара, аднаго з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і Польшчы. 

Пасля заканчэння прыродазнаўчага факультэта Віленскага ўніверсітэта далучыўся да паўстання 1830-1831 гадоў, удзельнічаў у партызанскіх дзеяннях на мяжы Расійскай імперыі. Пасля паразы паўстання яго атрад быў вымушаны адступіць на Палессе, а затым на Валынь, адтуль у Галіцыю (на тэрыторыю Аўстра-Венгрыі). Аўстра-венгерскія ўлады арыштавалі, суд прыгаварыў да зняволення, якое адбываў у 1834–1841 у крэпасці Куфтайн. Пасля вызвалення жыў у Францыі, вучыўся ў мастацкай школе, наведваў майстэрні вядомых скульптараў. У 1846 удзельнічае ў вулічных баях у Львове. У 1852 апынуўся ў ЗША пад імем Генры Д. Сандэрс. Для будынка кангрэса (у Вашынгтоне) ён стварае бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана, Бенджаміна Франкліна, Тадэвуша Касцюшкі. Гэтыя бюсты і сёння ўпрыгожваюць памяшканне Кангрэса ЗША. У гэты час ён робіць медальён з сілуэтамі пакараных смерцю дзекабрыстаў, бюст Л. Кошута, скульптурную групу “Гарыбальдзі з воінамі”. У ЗША памерлі яго жонка і дзеці, пахаваныя ў Філадэльфіі, на іх магіламі ён паставіў помнік з беласнежнага мармуру. Па смерці родных, у маі 1861-га (4 гады цягнулася бюракратычная валакіта, пакуль яму далі дазвол выехаць з ЗША) Дмахоўскі адкрывае скульптурнае атэлье ў Вільні. Сярод найлепшых твораў, зробленых у гэты час, – мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, фігура Св. Уладзіслава для віленскай катэдры, помнік Уладзіславу Сыракомлі. Абраны грамадствам правадзейным членам Віленскай археалагічнай камісіі. Падчас паўстання 1863-1864 гадоў стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павета. Загінуў 26 мая 1863 года ў адным з першых баёў з царскімі войскамі.

27 кастрычніка

140 гадоў з дня нараджэння Льва Клейнбарта (1875 – 1950), крытыка, публіцыста, даследчыка беларускай літаратуры.

1430 год. Памёр вялікі князь Вітаўт. Нарадзіўся ў 1350 годзе.

28 кастрычніка

1920 год. У Вільні выдадзена газета “Наша ніва” – спроба аднаўлення аднайменнай ранейшай газеты (выходзіла да 20 снежня1920 г.). Рэдактар Знамяроўскі.