Чытач “Рэгіянальнай газеты” Алесь Раткевіч непакоіцца, што на новым прыпынку можа з’явіцца “лебядзінае возера”.
Працягваем цытаваць яго ліст з пытаннямі да работнікаў дарожных службаў:
“На аўтадарозе Мінск-Калачы-Мядзел, пры павароце на пасёлак Партызанскі, дарожнікі цэлае лета рабілі аўтобусны прыпынак. Так і не давялі пачатае да канца. А бетонны вадасцёк ад яго замуравалі бардзюрам! Можа, зрабілі такое наўмысна? І ўжо неўзабаве на аўтобусным прыпынку з’явіцца нейкае “лебядзінае возера”?
Фота Алеся Раткевіча.
Адказвае галоўны інжынер філіяла ДЭУ-63 “Мінскаўтадар-Цэнтра” Андрэй Пісарук:
– Зрабілі так спецыяльна: у сувязі з тым, што поўнае застыванне бетону па ўсіх нарматыўных дакументах складае 28 сутак. Таму спецыяльна не пускалі ваду, каб яна не пайшла ў латок раней і не размыла бетон, пакуль ён не набраў належную трываласць.
Пасля таго, як прайшоў нарматыўны тэрмін і бетон цалкам схапіўся, выразалі адтуліну ў бардзюры і далі вадзе праход у латок.