Корпус рэактара для першага энергаблока АЭС у Астраўцы адправіўся з заводу “Атоммаш” у Валгадонску 14 кастрычніка.

Па рацэ ён даплыве да Вялікага Ноўгарада, а адтуль чыгункай – да месца прызначэння. Агулам дарога зойме 70 сутак. Корпус рэактара ВВЭР-1200 важыць больш за 330 тонн, яго вышыня – 12 метраў, дыяметр – 4,5 метры.

Дастаўка яго ў Беларусь – складаная лагістычная задача. Праз Валгадонск рэактар правозілі ноччу. У Ноўгарадзе таксама прыйдзецца везці яго праз горад з прыстані да чыгуначнай станцыі. Адтуль ён паедзе на адмысловым 32-х-осным чыгуначным транспарцёры, здольным перавозіць грузы да 500 тон. У ваколіцах Астраўца, на станцыі Баброўнікі, яго перагрузяць ізноў на колавы транспарт. Наступны такі самы рэактар, для другога энергаблока АЭС, адправіцца ў Беларусь праз год. Вытворчасць займае 840 дзён.

Такія самыя рэактары хутка пачнуць будаваць у Валгадонску для АЭС “Аккую” ў Турцыі, АЭС “Ханхіківі” ў Фінляндыі, АЭС “Куданкулам” у Індыі. Магчыма, заказ зробіць і Іарданія. Хутка такія ж ВВЭР-1200 пачнуць працу на Новаваронежскай і Ленінградскай АЭС.

“Атоммаш”, пабудаваны ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, застаецца адзіным у Расіі прадпрыемствам, якое ў стане выпускаць усё абсталяванне для “ядзернага вострава” – пляцоўкі будучага рэактара, уключна з корпусам рэактара, парагенератарамі і г.д. Аднак апошні рэактар быў тут пабудаваны ажно ў 1986 годзе, а ў 90-з прадпрыемства ледзь не страціла кампетэнцый у галіне. У 2012 годзе завод уключылі ў склад “Росатама”, што дало прадпрыемству другое жыццё.