Вялюгін называў яе “Міс Беларусь”, Гілевіч – лепшай сваёй рэдактаркай. Караткевіч і Барадулін прысвячалі вершы. Жонка народнага мастака Беларусі, прафесара, нашага земляка Васіля Шаранговіча ўпершыню дае інтэрв’ю.

З Галінай і Васілём Шаранговічамі мы сустрэліся ў іх кватэры ў Мінску. За кубачкам кавы гаворка ішла і пра першую тройку выдатніцы, якую ўхапіла якраз па беларускай мове, і пра першае спатканне з маладым Васілём, якое магло скончыцца для яго турмой, пра сяброў, якія сталі беларускімі класікамі, і пра колазварот будняў, якія гэтая залатая пара пераўтварыла ў свята.

Галіна Андрэеўна і Васіль Пятровіч разам ужо 53 гады.

– Як жа вы пазнаёміліся?

Г.А.: Я ў той час вучылася на філалагічным факультэце ў БДУ. Быў пачатак мая. Штосьці вучыла да заліку, а тут прыходзіць да мяне сяброўка: “Колькі можна вучыць? Пайшлі пагуляем, такое надвор’е!” Я тады жыла на вуліцы Энгельса, непадалёк ад нас быў парк Горкага, туды яна мяне і клікала. Пагадзілася з вялікай неахвотай, бо няма ж часу, такі важны залік.

В.П.: А я вучыўся на апошнім курсе мастацкай вучэльні, гэта 60-ы год. За пяць гадоў навучання ніколі не хадзіў на танцы ў горадзе. І адзення такога не было, жыў вельмі бедна. І танцы не любіў, толькі ў вёсцы. А мой сябар, з якім жылі разам на кватэры…

Г.А.: Будучы пісьменнік Адольф Варановіч. Зямляк Васіля, з Мядзельшчыны. На жаль, ужо памёр.

В.П.: Адольф хацеў пазнаёміцца з дзяўчынай. А ў мяне ж дыпломная праца, не да таго, зусім іншае ў галаве. На танцы тады ўсе дзяўчаты хадзілі па дзве. І хлопцы мусілі удвух хадзіць, каб пару разбіваць. Адольф пачаў угаворваць: “Там будзе духавы аркестр! Ну пайшлі, памажы!” І я пагадзіўся: “Добра, пайшлі. Толькі давай так. Мне ўсё роўна, таму ты з пары выбіраеш, каго хочаш, а мне – што застаецца”. Мы прыйшлі, пачаліся танцы.

Г.А.: У гэты час і мы з сяброўкай падышлі да танцаў, што грымелі на ўвесь парк.

В.П.: Я Адольфу кажу: “Слухай, цяпер буду выбіраць я. А табе – што застанецца”. Выбраў. Далей можна пра жаніцьбу распавядаць.

Як пасля першага спаткання ледзьве не загрымеў за краты

– Што вы тады падумалі адзін пра аднаго?

В.П.: О, гэта была цэлая гісторыя! Я з маладосці не любіў савецкую ўладу. І калі мы пасля тых танцаў шпацыравалі з Галяй па вуліцах, нагаварыў супраць саветаў шмат чаго. Мы ж як жылі? Галодныя былі. Што ў вёсках было? Ды нічога не было. Пасля спаткання вяртаюся дахаты, Адольф пытаецца: “Ты не нагаварыў чаго лішняга?” Кажу: “Як заўсёды!” “Дык яна ж дачка першага сакратара райкама партыі!” Я схапіўся за галаву: заўтра мяне пасадзяць.

Г.А.: А назаўтра мы дамовіліся сустрэцца.

В.П.: Усё, думаю, чорны варанок свеціць. А ісці на спатканне трэба, мы ж дамовіліся. Сустрэцца павінны былі каля цяперашняга Палаца незалежнасці на Кастрычніцкай плошчы. На рагу, дзе цяпер метро. Раней каля палаца быў сквер сініх елак. Мы прыйшлі з Адольфам, схаваліся за елку, каб быў відаць вугал. Назіралі, ці прыедзе з ёй чорны варанок. Як ўбачылі, што яна прыйшла, Адольф выскачыў глядзець, ці ёсць засада. Засады не было, і я пайшоў.

Г.А.: Што я падумала? Ніякіх сур’ёзных намераў у мяне не было. Гляджу – цікавы, высокі. Бачу, асоба новая сярод маіх знаёмых. Пасля ўжо, калі мы гулялі, даведалася, дзе ён вучыцца. Здзівіла яго ўменне гаварыць. Ведаў Ясеніна, дэкламаваў на памяць “Ганну Снегіну”. Мяне, студэнтку рускага аддзялення філфака, гэта зацікавіла.

– Чаму ж вы не “здалі” спадара Васіля?

Г.А.: Мае бацькі з Варонежскай вобласці. Бацька быў на партыйнай рабоце. Яго спачатку адправілі ў Маскву, потым прапанавалі паехаць у Беларусь у Дубровенскі раён Віцебскай вобласці. Ён пагадзіўся. Мне трэба было ісці ў пяты клас. Тады ў Беларусі было шмат ваенных, партыйных, прыязджалі з розных месцаў.

Па заяве бацькоў ад вывучэння беларускай мовы можна было адмовіцца. Але бацька сказаў: “Мы прыехалі сюды. Мы тут будзем жыць, сярод гэтых людзей. Гэта будзе наша Радзіма. Не ведаць мову – нельга. Ты павінна ісці ў беларускую школу і вучыць гэту мову”.

І я пайшла. Добра памятаю, што настаўнікам беларускай мовы быў дырэктар нашай школы Шабуня. Ён казаў: “Старайся, слухай, як усе гавораць, чытай. Паглядзім, як у цябе бу­дзе атрымоўвацца”. Я выдатніца была, тут таксама захацела паказаць сябе. Першы верш, які вучылі на памяць, – “Жыве між нас геній” Якуба Коласа. Настаўнік выклікаў мяне яго дэкламаваць. Можаце ўявіць, якое ў мяне было вымаўленне. Дзеці пасмейваліся, пакуль расказвала. Настаўнік тады мне сказаў: “Малайчына, вывучыла. Толькі крышку вымаўленне трэба паправіць. Сёння я табе стаўлю тры”. Першы раз у жыцці я атрымала тройку! Такія слёзы былі дома, жах! Але пасля першай чвэрці я ўжо атрымоўвала пяцёркі. Бацькі мае былі вельмі разумнымі людзьмі. І бацька, сакратар райкама, партыйны работнік, быў вельмі мудры і тактоўны чалавек.

В.П.: Нягледзячы на тое, што я беларус і па-беларуску размаўляю, у нас з бацькамі жонкі склаліся выдатныя адносіны, рэдка ў каго такія бываюць. Цесця паважаў, хоць ніколі не любіў партработнікаў. Ён быў чалавекам зусім іншага складу: інтэлігентны, разумны. Ён мяне разумеў. Пра таго ж Хрушчова спрачаліся за сталом, што называецца, шашка на шашку. А пасля ён мог пагадзіцца, што я меў рацыю. І цешча была – дай бог кожнаму.

Г.А.: Нават калі казаць пра тое, што яны прынялі мой выбар. Дачка выходзіць замуж за студэнта. Гэта была партыя, як кажуць, не зусім.

Партрэт Галіны Андрэеўны, намаляваны Васілём Пятровічам.

Партрэт Галіны Андрэеўны, намаляваны Васілём Пятровічам.

Пасля вяселля чатыры гады жылі на адлегласці

В.П.: Я вучыўся на другім курсе інстытута, калі Галя сказала, што трэба ісці да бацькоў размаўляць пра жаніцьбу. З пустымі рукамі не пойдзеш.

А ў мяне ніколі грошай не было. За тыя два гады, што мы сустракаліся, яна і падумаць не магла, што ў мяне ў кішэнях пуста. Нуль!

Неяк летам шпацыравалі, і мне вельмі захацелася піць. Вырашылі ісці па газіроўку, яна тры капейкі каштавала. Думаў, зараз аж дзве шклянкі вазьму, так піць хочацца. Падышлі да месца, дзе яе прадавалі, а там сок па дзесяць капеек. У мяне роўна столькі і ёсць. Узяў. Галя спыталася: “А ты? Ты ж так піць хацеў!” А я кажу: “Ужо перахацеў”. Толькі аднойчы прызнаўся, што без грошай. Але дадаў: я так шмат працую, што Бог убачыць і аддзячыць. Так яно і атрымалася ў жыцці. Карацей, тры рублі на шампанскае, каб ісці прасіць рукі, мне дала Галя. Пасядзелі з яе бацькам, гарэлачкі выпілі. Час ісці мне на цягнік, і ўжо каля дзвярэй прызнаўся, чаго прыйшоў.

Г.А.: Хаця яны ведалі, я ж папярэдзіла. Сказала, што мы так вырашылі. Бацька не зразумеў: “Нашто? Ты – тут. Яму яшчэ чатыры гады вучыцца”. А я кажу: “Вось ён прыедзе, вы і пагаворыце. Мы лічым, што вытрымаем”.

В.П.: Тады яе бацька, Андрэй Іванавіч, запытаўся: “Што, з мілай рай і ў шалашы?” А я яму: “У нас не шалаш будзе”.

Г.А.: Ажаніліся праз два гады пасля знаёмства, у 62-м годзе. Я атрымала размеркаванне ў віцебскую школу, паехала да бацькоў. А ён паступіў пасля вучэльні ў мінскі інстытут, дзе яму заставалася давучыцца чатыры гады.

В.П.: Бацьку Галі тады ўжо перавялі ў Віцебск загадчыкам аддзела абкама партыі.

Г.А.: Мы зразумелі, што не будзем бачыцца, калі я з’еду. Нашы пачуцці згаснуць. Стаяў выбар: ці заканчваць адносіны, ці жаніцца. Хаця калі пачыналі сустракацца, Васіль сказаў, што яму яшчэ доўга вучыцца і жаніцца ён не збіраецца. А я адказала, што мяне ўвогуле гэтае пытанне не цікавіць.

– І як вы вытрымалі гэтыя чатыры гады?

Г.А.: Гэта былі самыя рамантычныя часы. На кожнае свята ці я ехала ў Мінск, ці ён прыязджаў. Але чатыры гады – выпрабаванне вельмі сур’ёзнае.

В.П.: Больш я ездзіў.

Адзін раз увогуле на таксі прыехаў. Тады ўжо пачаў зарабляць, мог і па тэлефоне гаварыць з Галяй гадзіну! Хоць і дорага было. Прыехала да мяне ў Мінск на абарону дыплома. Толькі тады ўсе даведаліся, што я, аказваецца, жанаты.

– Пярсцёнкаў не было?

Г.А.: Мне Васіль падарыў на памяць, з кляновым лісточкам. А такія, як цяпер, заручальныя, не абавязкова каб былі.

В.П.: У мяне і да сёння няма.

Хацелі ў Віцебск, але з Мінска не адпусцілі

В.П.: Калі скончыў вучобу ў Мінску, атрымаў накіраванне ў Віцебскі педагагічны інстытут. Натачыў колы: у мяне ж там цесць, усё павінна добра арганізавацца. Я ж да таго часу 13 гадоў на найманай кватэры пражыў.

Г.А.: А ў Віцебску у нас не было б ні праблем з жытлом, бо ў бацькоў была добрая кватэра, ні праблем з працай, бо накіраванне мелі.

В.П.: Раптам мяне выклікае старшыня камітэта па друку Рыгор Васільевіч Канавалаў. Я на той час быў ужо вядомым графікам. Дыпломаў столькі атрымаў! Ужо і чалавек быў не бедны. Выйшаў з галаты, з галадухі. І ён стаў мяне ўпрошваць застацца. Кажу: “Як так? У мяне ж жонка”. А ён: “Заставайцеся, за год дадзім вам аднапакаёўку”. І я пагадзіўся. Спачатку мяне размеркавалі ў выдавецтва “Беларусь”. Праз год перайшоў у тэатральна-мастацкі інстытут, дзе працаваў 30 гадоў.

Як ледзьве не пайшла ў райкам

Г.А.: Калі пераехала ў Мінск, мы пасяліліся ў прыватнай кватэры ў так званым сельгаспасёлку. Пачала шукаць працу настаўніка. У Віцебску была настаўніцай рускай і нямецкай моў. Да завуча дайшла, перспектывы адкрываліся добрыя. А тут мне кажуць, што ў Мінску не патрэбныя настаўнікі мовы. Год пасядзела без працы, больш не было ніякай сілы. Выхоўвалі ж так, што жанчына мусіць працаваць. Тады бацька мне сказаў схадзіць у камітэт камсамола. Я на той час ужо амаль скончыла аспірантуру, таму ў камсамоле мне прапанавалі стаць загадчыцай аддзела навуковай моладзі. Я падумала: новая работа, няхай будзе, ва ўсялякім выпадку не буду сядзець дома. Памятаю, сакратар райкама пытаецца: “Ці замужам?”. Кажу: “Так, прыехала да мужа”. Ён: “Як муж? Ці не раўнівы? У нас ненармаваная праца, можам позна затрымлівацца”. А адкуль я ведаю, ці раўнівы? Кажу: “Пэўна, не”. Прыходжу дамоў, расказваю Васілю, што працу знайшла, толькі адно пытанне дзіўнае задалі: ці не раўнівы?

Ён тады сказаў: “Ці я, ці гэты твой райкам”.

Я адмовілася ад райкама. Хутка Васіль дазнаўся, што вызвалілася месца малодшага рэдактара ў выдавецтве “Беларусь”. Малодшы рэдактар – самая нізкая прыступка ў выдавецкай справе. 70 рублёў аклад – сімвалічны. У тыя часы сярэдні заробак быў 120 рублёў. Але ж праца літаратурная, а я філолаг. Пагадзілася. У рэдакцыі “Перавыданні і пераклады” было сем чалавек. Рэдактарам працаваў Рыгор Барадулін. З таго часу мы з ім і знаёмыя. Гэта быў 67-ы год. Мы перавыдавалі лепшыя творы, перакладалі з рускай на беларускую і наадварот. Я вельмі хутка стала рэдактарам. У 1972 годзе ад выдавецтва “Беларусь” аддзялілася мастацкая літаратура. Стварылі асобнае выдавецтва, дзе я працавала ўжо старшым рэдактарам. Пасля стала загадчыцай рэдакцыі перакладаў.

– Прыгадаеце сустрэчы з пісьменнікамі?

Г.А.: Сяджу неяк вечарам, ужо ўсе пайшлі. Выцягваю з шафы таўсценныя папкі рукапісаў Караткевіча. Мы рыхтавалі да выдання “Каласы пад сярпом тваім”. Уключаю настольную лямпу і чытаю. Тут хтосьці заходзіць і кажа: “Што гэта тут дзяўчынка так чытае, нічога не бачыць?” Я адрываюся. Гляджу на незнаёмца ў паўзмроку: “Вельмі цікавы, такі цікавы твор!” Адварочваю папку, а там напісана “Каласы пад сярпом тваім”. Госць садзіцца за стол перада мной і пытаецца: “А ведаеш, хто я?” “Не, – кажу, – не ведаю”. “Я ж Караткевіч”. Вось так мы і пазнаёміліся. Васіль Пятровіч таксама быў знаёмы з ім усё жыццё.

Брыль не паверыў, што Галіна з Расіі

Г.А.: Пасля выдавецтва я ўжо ні ў якую навуку ісці не захацела, хоць і пісала дысертацыю па мовазнаўстве. Літаратурная работа была насычаная сустрэчамі са знакамітымі людзьмі, таму ўсё жыццё ёй і прысвяціла. Мележа цяпер у школе вывучаюць. А я памятаю, як ён пасля кожнай паездкі на Палессе абавязкова прыходзіў да нас у рэдакцыю. Шмат расказваў пра балоты, меліярацыю. Прадбачыў, чым яна закончыцца. А Іван Пятровіч Шамякін. Такі разгаворлівы чалавек! Прыходзіў, расказваў пра жыццё, сям’ю.

В.П.: Сустракаю аднойчы Брыля недзе на праспекце каля ГУМа. Лепш за яго мову мала хто адчуваў. Кажа: “Васіль! Якая ў цябе жонка беларуска! Так тонка ведае беларускую мову!” Кажу: “А вы ведаеце, што яна з Варонежа родам?” Ён: “Не можа быць”. Я: “Дык што, Іван Антонавіч, можа пашпарт паказаць?” Ён так і не паверыў. Дарэчы, ведаеце, якая мянушка ў маёй жонкі ў выдавецтве была?

Г.А.: Анатоль Вялюгін прыйшоў некалі і сказаў: міс Беларусь. У сэнсе – міс выдавецтва. А гучала як міс усёй Беларусі.

Падарунак ад Рыгора Барадуліна.

Падарунак ад Рыгора Барадуліна.

– Што вам узгадваецца з вашай выдавецкай дзейнасці?

Г.А.: Згадваю сваю працу ў “Мастацкай літаратуры” і думаю, як шмат мы выдавалі! Пераважна беларускую літаратуру. Шмат перакладалі на беларускую мову. Спачатку была адна рэдакцыя перакладаў, а пасля настолькі павялічыўся аб’ём перакладной літаратуры, што рэдакцыя падзялілася. Я ўзначаліла рэдакцыю літаратуры народаў СССР. Мы выхоўвалі перакладчыкаў, якія маглі б перакладаць на беларускую з розных моў СССР. Нас чыталі. Гэта была метадычная, сур’ёзная праца. Цяпер усё перапынілася. Няма таго аб’ёму беларускай літаратуры. Раней рэдакцыі супрацоўнічалі з абласнымі цэнтрамі. Наша – з Віцебскам. У нас былі кантакты сярод прадаўцоў у кніжных крамах, якія дапамагалі ладзіць вечары сустрэч. На іх прыходзілі людзі, куплялі кнігі, бралі аўтографы ў пісьменнікаў, якіх мы запрашалі. З задавальненнем ездзіў Рыгор Барадулін, бо гэта ж яго мясціны, ён ушацкі. Запрашала Васіля Сёмуху, выдатнага перакладчыка. Мы паказвалі, што Беларусь мае пісьменнікаў, мае літаратуру. Чытайце!

А напрыканцы 90-х гадоў я вырашыла адысці ад выдавецкай працы. Мне стала нецікава. Не стала аддзела літаратуры народаў СССР, зрабілі зноў адну рэдакцыю. Змянілася канцэпцыя, трэба было выдаваць тое, што прыносіць грошы. Творчая праца знікла. Гэта не для мяне.

Тым больш якраз у гэты час нарадзілася ўнучка. Я вырашыла, што аддала дзяржаве ўсё, што магла, і час займацца сваёй сям’ёй. Я назіраю, куды рухаецца выдавецкая справа, бываю на кніжных выставах. Ёсць добрыя выданні, але іх малавата.

– Каго вам даводзілася перакладаць?

Г.А.: Перакладала беларускую літаратуру на рускую. Раней пераклады для маскоўскіх выдавецтваў рабілі рускія перакладчыкі. Калі мы пачалі выдаваць перакладную літаратуру, сутыкнуліся з тым, што іх пераклады недакладныя, прыблізныя і нават скажоныя.

Былі смешныя выпадкі: у перакладзе надвор’е робіцца “подворьем”.

Мы пачалі заказваць новыя пераклады нашым, беларускім перакладчыкам. Чаму Быкаў сам перакладаў свае творы? Таму што адзін пераклад маскоўскага перакладчыка перажыў і сказаў, што больш не жадае. У Быкава мова простая, дакладная. Скажэнне аднаго слова прыводзіць да скажэння сэнсу. Але беларускамоўны пісьменнік не валодае ў патрэбнай меры багаццем рускай мовай, каб рабіць гэта дасканала. Першай маёй кнігай, якую давялося рэдагаваць, быў зборнік аповесцяў Быкава. Мы працавалі над перакладам з ім разам. Ён тады жыў у Гродне. У мяне дома захаваліся яго лісты. Спачатку працавалі на адлегласці, потым сустрэліся ў выдавецтве. Працавала і з творамі А. Кулакоўскага, І. Навуменкі, І. Мележа, І. Шамякіна, У. Дамашэвіча, А. Кудраўца, А. Жука. Нават паэтычную кнігу Ніла Гілевіча давялося перакладаць. Потым пры сустрэчы казаў: “Найлепшы мой рэдактар”. І сама з задавальненнем перакладала на рускую мову творы Л.Дайнэкі, У. Рубанава, У. Дамашэвіча, Т. Бондар, А. Варановіча, А.Кудраўца і шмат каго яшчэ. Калі рэдагуеш ці перакладаеш самабытнага пісьменніка, таго ж Мележа ці Сачанку, трэба ведаць глыбінныя пласты мовы. Тут дапамагаюць слоўнікі – гістарычныя, дыялектныя, фразеалагічныя.

В.П.: Таму ў нас дома і такая многафігурная бібліятэка. У адных шафах мастацкія творы, у другіх – слоўнікі, у трэціх – энцыклапедыі, чацвертых – сусветная літаратура, пятых – філасофія і гісторыя, якімі я займаюся. У іншым пакоі шафа з беларускай літаратурай і сусветнай. У яшчэ адным пакоі шафа з самымі дарагімі кнігамі, прывезенымі з-за мяжы. Адусюль, дзе даводзілася бываць, імкнуўся прывезці кнігі па мастацтву. Ёсць у нас і факсімільныя выданні.

Г.А.: Тое, што мы з Васілём у адным працоўным і сяброўскім коле, узбагачала наша сямейнае жыццё. Некаторыя прыходзяць дадому і пачынаюць гаварыць паміж сабой пра нешта бытавое, а ў нас і дома працягваліся творчыя абмеркаванні. Ён распавядае пра новыя ілюстрацыі, я – што нехта прынёс новы твор.

– Дом часта быў поўны гасцей?

Г.А.: Яшчэ як! Нашаму сыну праз год 40 гадоў. Пытаюся ў яго: “Памятаеш, як у таты было 40 гадоў?” Мы тады з самага вялікага пакоя вынеслі ўсю мэблю і паставілі сталы па перыметры. Гасцей было каля 40.

– Як арганізоўвалі быт? Абодва занятыя, творчыя.

Г.А.: Было строгае размеркаванне. Ніколі не запрашалі электрыкаў ці майстроў. Васіль Пятровіч усё па доме, дзе патрэбная мужчынская рука, заўсёды рабіў сам.

В.П.: Ёй цвікоў забіваць не даводзілася.

Г.А.: А я сачыла, каб заўсёды ў доме быў парадак, каб была прыгатаваная ежа.

Васіль ніколі не хадзіў у сталоўку. Я магла класціся ў 12 гадзін ночы, але дома ўсё павінна быць прыбрана і падрыхтавана.

Займалася домам з аптымізмам. Быт мяне ніколі не прыгнятаў, а работа была што свята. Нашу першую кааператыўную кватэру ў Зялёным Лузе абжывалі з вялікім імпэтам. Васіль сам усё там рабіў. Пры яго занятасці гэта быў подзвіг. Пераязджаем сюды –  і ўсё па новай. Ён знаходзіў час. 

В.П.: І лецішча сам будаваў. Калі набылі стары нежылы дом на Мядзельшчыне, сам даводзіў да ладу: электрыку правёў, альтанку паставіў.

Г.А.: Пацягнула Васіля на родныя землі. Нам там  падабаецца. Выходзіш: неба, зоркі, месяц, яднанне з прыродай. З вясны да восені там жывём. Котка наша там таксама адчувае сябе выдатна.

Стаіць гэты дом за 10 кіламетраў ад вёскі, у якой нарадзіўся народны мастак Беларусі.

Якая сьветлая хвіліна!
Ад думак галава дурэе:
У белых боціках Галіна,
Дачка Андрэя…

Рыгор Барадулін для Галіны Шаранговіч.

Ў золь і туман Вы святло мне і радасць,
Зорка адзіная ў змрочны час…
Кінуў бы нават маю “Іліяду”,
Каб Адысеем даплысці да Вас.
Вечарам п’яным ці зімкам суровым,
Ноччу адчайнай ці днём пустым
Прозвішча: “Галачка Шаранговіч”,
Музыкай божай у сэрцы маім.
З княскім запалам хаплю я паўлітру…
Каб не насіла шчасліўца зямля, –
Кіну пальчатку яму на палітру,
Выклічу я на дуэль Васіля.
І ў апошняй ахвярнай скрусе
Стрэлю ў паветра, ўпаду нежывы.
………………………………………….
Можа пад плач ўсіх жанчын Беларусі
Хоць бы слязіну ды ўроніце Вы.

Уладзімір Караткевіч.
29.10.70 г.
Мінск. Пляцоўка выдавецтва.

В.П.: Караткевіч жартаўнік быў! Спачатку напісаў, што трэба з сабой узяць “літру”, а потым падумаў, што многа будзе, з літрам далёка не пойдзеш. Выправіў на “паўлітру”.

Даведка “РГ”

Галіна Шаранговіч нарадзілася 15 ліпеня 1940 года ў пасёлку Хварасцянка Варонежскай вобласці.

Партрэт Галіны Андрэеўны, намаляваны Васілём Пятровічам.

Партрэт Галіны Андрэеўны, намаляваны Васілём Пятровічам.

Васіль Шаранговіч – 14 студзеня 1939 года ў вёсцы Качаны на Мядзельшчыне.

Аўтапартрэт Васіля Шаранговіча.

Аўтапартрэт Васіля Шаранговіча.

Сын Васіля і Галіны Уладзіслаў працуе за мяжой у галіне высокіх тэхналогій. 

Сын Уладзіслаў.

Сын Уладзіслаў.

Дачка Наталля – мастацтвазнаўца, дырэктар Нацыяналь­нага цэнтра сучаснага мастацтва ў Мінску. 

Дачка Наталля.

Дачка Наталля.

Унучка Юлія – студэнтка беларускай Акадэміі мастацтваў.

Цаліна, вершы, каханне… Аднакурсніца пра Барадуліна

Сляды ад цэнзурнага сіта на Быкаве сцерлі