Другі склад акцёраў упершыню прадэманстраваў гледачу маладзечанскае прачытанне аповесці Дастаеўскага 13 кастрычніка.
“Дзядзечкаў сон” – чацверты сумесны рускамоўны праект маладзечанскага тэатра і вядомага рэжысёра Віталя Баркоўскага. Ён жыве і працуе ў Расіі, але прыязджае на радзіму, каб рабіць новыя пастаноўкі ў Маладзечне. У яго скарбонцы як галоўнага рэжысёра Смаленскага драмтэатра ёсць спектаклі паводле твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Дударава.
Фёдар Дастаеўскі напісаў “Дзядзечкаў сон” пасля катаргі, з жанрам канчаткова так і не вызначыўся. Маладзечанскае прачытанне інтэрпрэтуе гісторыю як камедыю нораваў. Камічнасць сітуацыі, якая лягла ў аснову сюжэта, толькі знешняя. Князь К. прыязджае ў правінцыйны гарадок, бязлітасны вышэйшы свет якога жыве плёткамі і пошукам выгады. Свецкая дама Мар’я Маскалёва распрацоўвае план, як выдаць за князя дачку Зіну. Яна дамагаецца прапановы, але ў гэтай гульні прайграюць усе.
У настроі п’есы ёсць дынамічныя і нават гумарыстычныя эпізоды, але асноўны акцэнт скіраваны на драму герояў: сярод іх шчаслівых няма.
Гэта падкрэслівае журботная музыка, якая дамінуе ў мелодыцы спектакля. Героі могуць ўявіць шчасце, але толькі не ў гэтым месцы і не ў гэты час. Тут і цяпер іх займае іншае. Як прыняць лёсавызначальнае рашэнне, калі правільнага выбару няма? Ці аддаваць дачку-прыгажуню замуж за перастарэлага князя? І як у гэтым апярэдзіць прадпрымальную суседку? Як балюча ўкалоць знаёмых, пакуль не ўкалолі цябе?
Героі не кіруюць сваім шчасцем, але актыўна ўмешваюцца ў шчасце іншых. Ці пазбаўляюць яго, ці навязваюць іншым тое, што лічаць правільным. Нават князь, распрастаўшы рукі і адкрыўшы, што “толькі цяпер пачаў жыць”, лёгка здаецца ўгаворам, нібыта яго шчасце – толькі сон.
Міміка Сяргея Карзея ў ролі Князя непараўнальна перадае забыўлівага нязграбнага дзядка, які падкрэслівае сваю няўпэўненасць рэфрэнам “Ну, так”. Мар’я Маскалёва ў выкананні Таццяны Карпец атрымалася адначасова драпежнай свецкай дамай і любячай маці. Увесь акцёрскі склад на традыцыйна высокім узроўні. Актрысы, якія ігралі ролю свецкіх дам, па ўключанасці ў гульню раўназначныя галоўным героям. Рашэнне размясціць іх паміж сцэнай і крэсламі максімальна наблізіла акцёраў да гледачоў. Яно стварае эфект, нібыта гледачы – частка фінальнага разбору ўзаемаадносін.
Дэбют на маладзечанскай сцэне адыграла актрыса Алена Сіротава, якая пераехала з Луганскай вобласці. Зіна ў яе выкананні атрымалася сумнай і стомленай, якая з агідай глядзіць на местачковую мітусню, але ад бяссілля штосьці змяніць толькі плача.
Ідэю сну, пазбавіцца ад якога не стае сілы, падтрымлівае афармленне і пластыка спектакля. Героі стаяць на каленях, падаюць, ляжаць і нават качаюцца па сцэне. Дэкарацыі і касцюмы вытрыманыя ў вельмі спакойных, пераважна белых колерах, асабліва у вобразах галоўных герояў. Асвятленне нагадвае святло таршэра ці бра. Агулам гэта стварае атмасферу дрымоты.
У вобразах акцёраў грым і касцюмы адпаведныя, аксесуары прадуманыя. Пры высокім агульным узроўні спектакля выбіваецца толькі недапрацоўка з прычоскамі. У першым акце ў Зіны яна выглядала неахайнай, а для Мар’і Аляксандраўны варта падабраць штучныя валасы, якія будуць менш адрознівацца ад сваіх.
Тэатр толькі распачаў 25-ы сезон яркай палітрай эмоцый у прэм’еры. Гледачоў чакае шмат сустрэч, падчас якіх акцёры пакажуць складанасці чалавечай натуры, адносінаў і разумення сябе. Каб гэта ацаніць, трэба прачнуцца падчас прагляду прэм’еры “Дзядзечкаў сон”.
Цытаты са спектакля “Дзядзечкаў сон”:
“Ты мне нават у сне снішся”
“А я, дурніца, дзеля гэтага князька хацела бант чырвоны прычапіць”
Князь: “Там вельмі многа немцаў, у гэтай Германіі”
Маці: “Ты ж за мяжой будзеш жыць!”
Князь: “Я за мяжой спяваў рамансы з вікантэсай”
Князь: “Я толькі цяпер пачаў жыць”
Муж: “Ён падумае, што я нямы”. Жонка: “Затое схаваеш, што дурны”
Князь: “А што ж я там буду рабіць, у гэтым вар’яцкім доме?”
Князь: “Я зрабіў прапанову адной charmante person. Зрэшты, я забыўся, як яе імя”
На пярэднім плане Сяргей Карзей у ролі Князя, за ім Аляксей Карпец у ролі Мазглякова.
У Дзень тэатра акцёрам Мінскага абласнога драматычнага тэатра вынеслі прысуд
Алена Рахмангулава: “Я ніколі не сыду з гэтага тэатра”
Маладзечанскія гледачы не паверылі гастралёрам з Віцебскага тэатра