На адкрыцці персанальнай фотавыставы Аляксандра Батуры 24 кастрычніка ў многіх наведнікаў узнікла пытанне: “Чаму  назвалі яе “Уздоўж берагоў Вілейскага …”?

Можна ж было дапісаць “вадасховішча”, бо якраз яму і прысвечаная выстава.

– Так зрабілі, каб заінтрыгаваць людзей, – адказвае навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Надзея Аўдзей.    Звычайна тэмы фотавыстаў у музеі акрэсліваем назвай. А тут захацелі зрабіць па-іншаму. Таму што на выставе можна пабачыць многа розных праяў прыроды на вадасховішчы: гэта захады і світанкі, туманы і карчы, восень і вясна.

Так што, наведнікі самі маглі дадумаць назву. Скажам, да серыі зімовых здымкаў  прыдумалі такую: “Уздоўж берагоў Вілейскага айсберга”.

У выставачнай зале імя Сілівановіча паказваюць больш за 40 прац фотааматара з Мінска. І толькі на адным са здымкаў ёсць людзі. І то на прыродзе – рыбу ловяць. 

 

 Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.

Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.

Параўноўвае ваду з тварам жанчыны

Для Аляксандра Батуры вадасховішча асабліва прыгожае восенню, калі паказваюцца водмелі, золата восені адлюстроўваецца ў вадзе. Яшчэ вельмі любіць прыязджаць сюды зімой.

Для фотааматара вадасховішча шматграннае. Калі ён прыязджае сюды, прагульваецца уздоўж берагоў, яно штораз іншае.

  Аляксандр Батура параўноўвае ваду з тварам жанчыны: наколькі жанчына зменлівая натура, так і вадасховішча. Калі здымае прыроду, прадумвае кожны кадр. Кажа, прырода –  яна сама мастак. Каб мастаку мастака адлюстраваць, трэба адносіцца вельмі пільна, трэба любіць прыроду, – расказала  Надзея Аўдзей.

Сваю любоў да прыроды і вадасховішча фотааматар раскрывае ў фотаздымках і фотагісторыях. Іх можна пабачыць не толькі ў інтэрнэце, але і  на старонках часопіса “Родная прырода”.

Аляксандр Батура – удзельнік персанальных і калектыўных фотавыстаў, дыпламант і пераможца некалькіх фотаконкурсаў. У прыватнасці, ён двойчы перамагаў у фотаконкурсе “Гэта твая зямля”.

Пабачыць выставу віляйчане змогуць да 20 лістапада.