28 кастрычніка ў рамках праекта “Рэгіянальныя сувеніры як сродак пабудовы агратурыстычных супольнасцяў” адбыліся майстар-класы з удзелам людзей з асаблівасцямі.

Таксама прайшла дыскусія пра тое, якія сувеніры найбольш вартыя прадстаўляць Валожынскі раён.

Мерапрыемства праходзіла ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Валожынскага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва і сабрала каля 20 удзельнікаў.

Майстрыха Вольга Камінская навучыла прысутных тэхніцы мастацкага валяння з воўны і большасць удзельнікаў, да іх уласнага здзіўлення, даволі лёгка змаглі менш чым за дзве гадзіны стварыць першую ў сваім жыцці валяную цацку – сімпатычную птушачку зімародка, які з’яўляецца неафіцыйным сімвалам Налібоцкай пушчы.
А ў рамках праекта “Рэгіянальныя сувеніры як сродак пабудовы агратурыстычных супольнасцяў” – прапануецца ў якасці афіцыйнага сімвала Валожынскага раёна. Папуляцыя гэтай птушкі самая вялікая ў Беларусі менавіта ў Воложынскім раёне.
Людміла Валковіч-Борыс, якая выкладае тэхніку мастацкай працы з саломкай, навучыла ўдзельнікаў семінара рабіць з гэтага матэрыялу кветкі.

Удзельнікі семінара атрымалі “хатняе заданне”: абдумаць самім, абмеркаваць са знаёмымі – якія формы і матывы мастацкіх сувеніраў могуць быць найбольш запатрабаваныя жыхарамі і гасцямі раёна. Да сакавіка 2016 года ў рамках праекта адбудзецца яшчэ адно мерапрыемства, з улікам прапаноў, якія паступяць ад удзельнікаў і іншых зацікаўленых людзей. Прадстаўнікі праекта паабяцалі падарыць аддзяленню дзённага знаходжання інвалідаў камплект іголак для валяння, каб атрыманыя на майстар-класе навыкі працягнулі ўдасканальвацца і прымяняцца на практыцы.
Праект “Рэгіянальныя сувеніры як сродак пабудовы агратурыстычных супольнасцяў” рэалізуецца ў Маладзечанскім і Валожынскім раёнах пры падтрымцы Федэральнага ўрада Германіі і накіраваны на актывізацыю сувенірных промыслаў на праектных тэрыторыях, крэатыўнае выкарыстанне мясцовых гісторыі і традыцыйнай культуры, а таксама на ўцягванне інвалідаў у творчы працэс і эканоміку.

Вынікі праекта будуць падведзены ў сакавіку-красавіку 2016, калі мясцовым супольнасцям будуць прапанаваныя выпрацаваныя ў ходзе праекта ідэі і канкрэтныя ўзоры сувеніраў.