Сільвія Рамейка з Латвіі шукае пляменніцу бабулі з Вілейкі.

– Мы ўсёй сям’ёй вельмі хочам знайсці Марыю – да шлюбу яе прозвішча, магчыма, было Чуковіч. Яна нарадзілася ў Вілейцы і па меншай меры пражывала там да 1976 года. Так як апошні ліст, які знайшла, датаваны 1975 годам.

Распавяла Сільвія гісторыю сваёй сям’і:

– Мая бабуля Люба нарадзілася ў Вілейцы 10 красавіка 1914 года. У яе быў старэйшы брат Міхаіл і, мяркуючы па фатаграфіях, яшчэ адзін брат – Яфрэм. Але не ўпэўненая, што ён быў ад той жа маці. Пра сясцёр не ведаю. Па расказах бабулі, калі ёй быў годзік, у 1915 годзе ў дом трапіла міна. Маці загінула, а дзеці выжылі, бо былі на вуліцы. Бацька Сцяпан (або Стэфан, так як лічыліся палякамі) ажаніўся другі раз.

У пошуках працы Люба ў 1934 годзе прыехала ў Латвію. Тут выйшла замуж за Адама Рамейку ў 1941 годзе.

Нарадзілася дзяўчынка з фота прыкладна ў 1950 годзе

– Марыя, як разумею з лістоў бабулінага брата Міхаіла, пляменніца бабулі. Таму хутчэй за ўсё таксама была з прозвішчам Чуковіч, – працягвае Сільвія. – Яна жыла ў Вілейцы і выйшла замуж каля 1975 года. Яе год нараджэння прыкладна 1950. Яна з дзядзькам Міхаілам прыязджала ў Латвію да маёй бабулі ў Лімбажскі раён. Мяркую, паколькі яе браў у Латвію яе дзядзька Міхаіл, бацька Марыі памёр, калі яна была маленькая. Магчыма, гэта быў той самы Яфрэм.

На ўсіх здымках, што ў нас ёсць, у тым ліку на двух пахавальных фота, Марыя – маленькая дзяўчынка з хусткай на галаве. На гэтым фота яна з дзядзькам Міхаілам і яго жонкай Нінай. Дзяцей у іх не было, абодва ўжо памерлі і думаю, што пахаваныя ў Барысаве.

Сільвія расказвае, што ва ўсе магчымыя месцы ўжо тэлефанавала і нідзе не змаглі дапамагчы. Можа, нашы чытачы пазналі гэту дзяўчынку на фатаграфіі, ведаюць пра яе лёс? Каардынаты Сільвіі Рамейкі для сувязі такія: silvija.romeiko@gmail.com, тэлефон +37129171680, адрас: Латвія, Рыга, вуліца Маскавас, 252 /7-19, LV-1063. Ці звяртайцеся да нас у рэдакцыю.

Маленькая Марыя разам з дзядзькам Міхаілам і яго жонкай Нінай. Фота забяспечана Сільвіяй Рамейка.

Маленькая Марыя разам з дзядзькам Міхаілам і яго жонкай Нінай. Фота забяспечана Сільвіяй Рамейка.