Спартыўнае харчаванне апошнім часам набірае ўсё большую папулярнасць. У рэгіне з’яўляюцца крамы па яго продажы. Маладыя людзі хваляцца тым, што яго ўжываюць. Што такое спартыўнае харчаванне і як яго ўжываць, запыталіся мы ў спартсменаў, прадаўца спартыўнага харчавання і доктара-дыетолага.

Спартыўнае харчаванне – для гультаёў

Расказвае паўэрліфтар Арцём Валынец:

– Без пратэіну я магу абысціся, мне дастаткова яго ў звычайнай ежы, але пэўнае спартыўнае харчаванне ўсё ж ужываю. Але я студэнт і не магу сабе дазволіць увесь час яго набываць – яно вельмі дарагое.

8 порцый (норма на чатыры дні) гейнера каштуе каля 800 тысяч рублёў.

Арцём упэўнены, што калі правільна скласці сабе рэжым харчавання, браць на працу ці вучобу кантэйнеры з ядой, то без спартыўнага харчавання можна абысціся.

– Гэта харчаванне для гультаёў, я б так сказаў. Для тых, хто лянуецца сабе прыгатаваць ежу, багатую на бялок. А пратэін у чыстым выглядзе патрэбны больш для спартсменаў высокага ўзроўню, калі ідзе барацьба за кожны кілаграм лішняй вагі. Да таго ж, у такіх спартсменаў ёсць спонсары. Варта адзначыць, што пратэін – гэта ўсяго толькі дадатак, які ніяк не заменіць ежу. А калі вы проста ходзіце ў спартыўную залу для сябе, то танней будзе закупіць курыных грудак і грэчкі.

Калі да нас прыходзяць дзеці, я раю ім есці кашу

Руслан, гаспадар крамы спартыўнага харчавання:

– Ведалі б вы, з якой колькасцю міфаў даводзіцца змагацца, калі тлумачу новым пакупнікам, што такое спартыўнае харчаванне.

Самыя распаўсюджаныя з іх гэта:

Спартыўнае харчаванне – гэта не біялагічныя дадаткі, гэта канцэнтраваная ежа. І спецыяльнага дазволу доктара на яго не трэба. Вядома, калі няма іншых праблем са здароўем. 

Прывыкання спартыўнае харчаванне не выклікае.

Нельга зрабіць фігуру мары, ужываючы толькі спартыўнае харчаванне.

У краму да Руслана прыходзяць пераважна маладыя людзі ад 18 да 27 гадоў.

– Бывае, што прыходзяць дзеці па 12-15 гадоў. У такім выпадку я заўсёды раю ім налягаць на кашы.

Самае папулярнае пытанне, якое задаюць Руслану пакупнікі, – колькі кілаграмаў я набяру, з’еўшы банку пратэіну.

– На што я адказваю, што ад ужывання такога харчавання майка на цягліцах не разарвецца. Ну, не бывае так, каб схуднець ці набраць вагу да вяселля, да лета. Каб бачыць вынік – гэта павінна стаць ладам жыцця. І спартыўнае харчаванне толькі тады можа быць карысным. Мяне здзіўляе, наколькі цяпер наведванне спартыўных залаў стала папулярным. Але мне здаецца, што калі прыбраць адтуль люстэркі, залы апусцеюць напалову.

Фота image.tsn.ua.

Фота image.tsn.ua.

Без фізічнай нагрузкі спартыўнае харчаванне толькі страта грошай

Вольга Стрэльскіх, сталая наведніца трэнажорных залаў:

– Звычайнаму чалавеку, які ходзіць у залу для падтрымання формы і тонусу, гэта харчаванне неабавязковае, бо ўсе патрэбныя кампаненты, якія змяшчаюцца ў пратэіне і іншым спартыўным харчаванні, утрымліваюцца ў звычайных прадуктах харчавання: яйках, мясе, арэхах, бананах.

Без спартыўнага харчавання не абысціся тым людзям, якія прафесійна займаюцца бодзібілдынгам, бо на такіх спаборніцтвах ацэньваецца менавіта прыгажосць мышцаў, трэніраванага цела, – лічыць Вольга.

Пры правільным сумяшчэнні рэжыму харчавання, сну і трэніровак, гэта дае той самы патрэбны вынік.

– Што тычыцца мяне, то я прымала сыроватачны пратэін, пратэін з L-карнітынам, пратэінавыя батончыкі. Прызнацца шчыра, я не асабліва ўбачыла іх дзеянне. Можа, і была нейкая карысць, але я правільна харчавалася, у мяне былі рэгулярныя трэніроўкі і рэжым, то вылучыць менавіта карысць спартыўнага харчавання вельмі цяжка. Спартыўнае харчаванне  без разумнага спажывання і, галоўнае, без фізічнай нагрузкі нічога не дае, акрамя фінансавых выдаткаў. Мышцы не вырастуць, калі не трэніравацца, колькі б ты пратэіну ні з’еў.

Арганізм эксперыментаў над сабой не даруе

Лічыць доктар-дыетолаг Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы Ганна Баран.

– Я лічу, што такое харчаванне добрае толькі для спартсменаў, якія працуюць з уласнымі дактарамі і якія дакладна ведаюць, чаго не хапае іх арганізму. Вельмі просты прыклад: 70-кілаграмоваму цяжкаатлету ў суткі патрабуецца 170 грамаў бялку. Вядома, адной ежай гэту норму не набярэш, спартсмену трэба нейкая знешняя крыніца. Ім у дапамогу якраз і трэба дадатковы бялок.

Усім тым, хто марыць аб ідэальным целе, Ганна Уладзіміраўна спачатку раіць звярнуцца да доктара.

– У любым выпадку, толькі прафесіянал ведае, якая норма пратэінаў вам патрэбная. Адзінае, што магу сказаць, да чаго можа прывесці празмернае ўжыванне бялку.

Ад празмернага ўжывання бялку павялічваецца печань. Парушаецца абмен рэчываў. Можа развіцца мочакаменная хвароба. Адбываецца мінеральны дысбаланс – косці становяцца крохкімі.

А наконт таго, што падлеткі хочуць пры дапамозе спартыўнага харчавання хутка набраць вагу, доктар-дыетолаг кажа:

– Адным бялком вагу не набярэш. Арганізму, які расце, трэба і вітаміны, і тлушч. Не трэба ставіць над сваім арганізмам эксперыментаў. Ён гэтага вам не даруе.

Даведка “РГ”.

Пратэін – спартыўныя дадаткі, якія зробленыя на аснове бялковых сумесяў.

Гейнер – дадатак пры спартыўным харчаванні. Утрымлівае бялок і вугляводы.