Добра вядомы і доўгачаканы каляндар “Не маўчы па-беларуску!” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” на новы 2016 год ужо ў кнігарнях.

366 (бо 2016 – высакосны) адметных беларускіх словазлучэнняў у вясёлых малюнках мастачкі Дар’і Мандзік чакаюць вас пад новай вокладкай календара “Не маўчы па-беларуску!” ад “Будзьмы!”.

– Падобны каляндар на 2015 год быў вельмі станоўча ацэнены чытачамі. Пра гэта сведчыў высокі попыт на яго ў кнігарнях. Натуральна, нам прыходзілі просьбы яго перавыдаць. Вельмі прыемна, што і друкаваная, і мабільная версіі календара былі адзначаныя прафесійным журы на фестывалі “Аднак” і атрымалі прызавыя месцы, – каментуе Алена Макоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”. – Думаем, што сакрэт поспеху – і ў вясёлым прывабным дызайне, і ў цікавай падборцы словаў, што надае календару і адукацыйны эфект. Наш каляндар і для дзяцей, і для дарослых. Таму мы вырашылі выдаць каляндар і на 2016 год, дапоўніўшы яго новымі цікавосткамі.

Дызайнер Анатоль Лазар (студыя “Адліга”), аўтар ідэі календара, дадае:

– Мінулагодняе выданне календара было такім удалым і папулярным, што рызыкаваць гэтым праз пошукі новых форм мы, натуральна, не сталі і падрыхтавалі аналагічнае выданне з актуалізацыяй на новы 2016 год. Як кажуць: “Не гані Бога ў лес, калі ў хату ўлез”. Але новыя словы, малюнкі і прымаўкі у ім таксама ёсць.

Па словах Дар’і Мандзік, аўтаркі малюнкаў, ідэя календара і праекта агулам яшчэ надоўга застанецца актуальнай:

– Навізна праекта сатрэцца, калі кожны з нас зможа без запінкі назваць усе навакольныя рэчы па-беларуску. Я буду радая, калі новы тыраж трапіць да тых, каму не хапіла мінулага. А астатнім зычу паўторнай асалоды і ўвагі, каб знайсці для сябе нешта новае.

Адзначым таксама, што мабільная версія календара, якую спецыяльна для кампаніі “Будзьма беларусамі!” зрабіла і адаптавала на 2016 год Студыя Ігара Назаранкі, дасяжная для бясплатнага скачвання па спасылках: для  iOS і для Android.

А друкаванае выданне вы ўжо можаце знайсці ў маладзечанскай кнігарні “Спадчына”.