Нашага чытача зацікавіла, што ж такое ўсё капаюць непадалёку ад Вілейкі, ля вёскі Ручавыя.

Тут вядзецца рэканструкцыя меліярацыйнага аб’екта “Суворава” таварыства “Вілейскі райаграсэрвіс”, патлумачыў галоўны інжынер Вілейскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Андрэй Купрэйчык.

– Неабходна была рэканструкцыя гэтага аб’екта, бо ён забалоціўся. Тэхніка не магла паўсюдна прайсці, каб араць ці касіць, – тлумачыць Андрэй Купрэйчык. –  Атрымліваліся так: дзе тэхніка можа заехаць, дзе не можа. І ў выніку дзе зямля апрацаваная, дзе не – такімі кавалкамі. Ды і меліярацыйныя каналы бабры запрудзілі.

Каналы ачышчаюць ад заглейвання. Потым правядуць прамыўку старога дрэнажу. А дзе неабходна, укладуць новы дрэнаж з поліэтыленавых труб.

Ля Ручавых – гэта другі пускавы комплекс аб’екта. На першым комплексе работы практычна завершаны.

Агульная плошча рэканструкцыі аб’екта складае 125 гектараў. Вядуцца працы за кошт сродкаў раённага бюджэту. 

Пачалі работы ў жніўні. Завяршыць іх плануюць да канца года.