Усе пачалося з таго, што Аляксей Раброў у 2011 годзе са сваімі сябрамі сабраў у вёсцы Нарачы (Кабыльнік) футбольную каманду. І адразу ўзнікла пытанне, супраць каго гуляць, акрамя школьнікаў. 

–  Моладзь зараз аддае перавагу камп’ютарным гульням. Таму трэба шукаць  падыходы, каб выцягнуць іх на вуліцу і даць магчымасць добра правесці час, – расказвае Аляксей. – Даведаўся пра існаванне аматарскіх чэмпіянатаў у Мінску ды Гомелі.  Вырашыў знайсці аднадумцаў у раёне і разам стварыць сваю лігу, у якой змогуць удзельнічаць усе ахвотныя. Два гады таму стварыў суполку у адной з сацсетак. Хутка прыйшлі радасныя весткі: хлопцы з Мядзела падтрымалі ідэю. Мой лепшы сябра даведаўся, што ў Свіры таксама есць аднадумцы.

Урэшце, з’явілася ліга. Назву яе выбралі ўдзельнікі суполкі галасаваннем, сціпла адмёўшы гучную назву “Мядзельская прэм’ер-ліга” ды іншыя варыянты.

Першы сезон прайшоў сёлета з чэрвеня па верасень. У ім змагаліся чатыры каманды: з Мядзела, Нарачы (Кабыльніка), Сватак і Свіры. У іх складах былі і школьнікі, і дарослыя. Узрост гульцоў – ад 14 да 29 год.        

Самі рыхтавалі футбольныя палі

Сілы і час футбалісты выдаткоўвалі не толькі на гульню. Гульцы з Нарачы (Кабыльніка), Сватак і Свіры сваімі сіламі падрыхтоўвалі футбольныя палі. Прыбіралі смецце, касілі, наносілі разметку.               

Чэмпіёнам стала каманда з Мядзела ФК “Юнацтва”. Другое месца ў гульцоў са Свіры, трэцяе – за сваткаўскімі футбалістамі.

– Гульцы аддавалі ўсе сілы, каб паказаць якасны футбол. Атмасфера на матчах была прыемная: прыходзілі заўзятары як маладзёны, так і дарослыя, – дзеліцца  Аляксей. – Дзякуючы лізе, хлопцы, якія марылі паўдзельнічаць у чымсьці падобным, зрабілі гэта. Да таго ж, з’явіліся новыя знаёмствы, жыхары раёна добра бавілі час, калі наведвалі гульні.

Аляксей прыгадаў адметны для яго момант.  Пасля аднаго з матчаў ён ішоў у цішотцы з эмблемай свайго клуба. Мінакі пазналі яго і падзякавалі за тое, што арганізавалі чэмпіянат, маўляў “есць на што паглядзець”.

Перад гульнёй. Фота з суполкі Дваровай лігі Укантакце.

Перад гульнёй. Фота з суполкі Дваровай лігі Укантакце.

“Футбол – гэта барацьба. Ды і наша жыццё ўся барацьба”               

Расказвае капітан каманды са Свіры Дзмітры Ахрановіч:

– Галоўнае, што мы правялі першы сезон дваровай лігі – хай з затрымкамі, якімі тэхнічнымі праблемамі. Але ўласнымі сіламі арганізоўвалі хлопцаў, збіралі ў каманды, пастаянна трэніраваліся па вечарах, прыбіралі і падрыхтоўвалі стадыёны да гульняў, распрацоўвалі лагатыпы.

Дзмітры перакананы, што дваровая ліга –  патрэбная справа. Асабліва ў пасёлках і вёсках, дзе моладзі цяжка сябе паказаць. І па-філасоўску параўновае  футбол з жыццём:

– Футбол – гэта барацьба. Ды і наша жыццё ўся барацьба. На полі – эмоцыі, падзенні і ўдары, траўмы і сінякі. Але з іншага боку ў хлопцаў выпрацоўваецца  мужнасць, цягавітасць, сіла, запал да перамогі, праца ў камандзе, праява свайго сапраўднага характару на полі. Тут бачна: альбо ты каша, альбо баец.  І гэта вельмі неабходна  для хлопцаў-падлеткаў: не баяцца, а змагацца. Бо цяпер ты змагаешся за мяч, а потым ты як годны павагі мужчына будзеш змагацца, каб забяспечыць і абараніць сваю сям’ю і родных.

Арганізатары лігі дзякуюць усім, хто прычыніўся да чэмпіянату і прыходзіў на гульні. Асаблівай падзякі заслугоўваюць капітаны камандаў ды Яўген Бабровіч і Віктар Салбукоў.

Цяпер актыў лігі рыхтуецца да другога сезона. Таксама праводзяць таварыскія гульні паміж клубамі, робяць атрыбутыку. Ды аднадумцаў шукаюць у іншых раёнах – каб пастарацца разам зладзіць чэмпіянат.    


Даведка “РГ”  Лепшымі бамбардзірамі першага сезона сталі гульцы ФК “Сваткі” Дзмітры Шабан і Кірыл Русак. Яны забілі па восем галоў.

Лепш асістэнты – Андрэй Даткевіч (“Union Naroch”) і Уладзімір Кабацура (“Сваткі”). На іх рахунку па чатыры выніковыя перадачы.