Мусіць, добра, што будуць манеты, бо ад паперак кашалёк не зашпільваецца. Праўда, прыдалося б надбаць сабе іншы кашалёк –  з аддзелам на манеты. Або каліту асобна на манеты – да папругі ці на рэменя чапляць. Абы яны былі і абы былі моцныя. За свае грошы кожны харошы – кажуць людзі. Калі дзяржава мае свае самабытныя грашовыя адзінкі, падмацаваныя добраю гаспадаркай – гэтай дзяржаве і пашана ад суседзяў і дальніх.

Нейк так у нас павялося, што назвалі мы грошы рублямі, як абвясцілі незалежнасць. Назву “рубель”, відаць, яшчэ неяк можна сцярпець, бо рублі – дарма што не было ў нас такіх грашовых адзінак, але слова даўней было. Рубель абазначаў пэўную меру грошай. А вось капейкі – гэта ўжо, відаць, элемент іншай грашовай сістэмы. Я не заракаўся б, што ў нас маскоўскія капейкі не хадзілі. Хадзілі, відаць. Бо, што да грошай, была поўная свабода і воля. Можна было хоць якімі грашыма рахавацца – абы зручна было прадаўцу ды купцу рабіць з гэтым інтэрас. Уявіце сабе, што ў Беларусі адзінкай разліку можа быць усякая валюта, абы зручная – даляр, еўра, рубель, грыўня, франк, злоты… Вось так было ў Вялікім Княстве Літоўскім. Некаторыя эканамісты кажуць, што і цяпер гэта было б вельмі добра для эканомікі.

Беларускія грошы ў перыяд росквіту беларускай дзяржаўнасці і культуры так і называліся – грошы, ад лацінскай назвы denarius grossus – “тоўсты дэнар”. Грошы разменьваліся на паўгрошы ды пенязі (слова аднакарэннае з назвамі пенс і пфенінг). Грошы лічыліся копамі – па 60. 1 капа = 60 грошай. Так і казалі: “капа грошай”, “дзве капе грошай”. Капа – гэта ў беларускай мове шэсцьдзесят адзінак усяго. Дагэтуль можна пачуць: «На Вялікдзень мо з копу яек нафарбавала…” Лічыліся грошы таксама рублямі, як я ўжо напісаў. Вось цытата з нашага Статута1588 г.:

А навязка [від штрафу на карысць пацярпелага] ім: слузе шэсць рублёў грошай. Путнаму слузе тры рублі грошай. Бортніку два рублі грошай. Цягламу чалавеку дзве капе грошай. Чалядніку дамоваму айчызнаму і паланёніку копу грошай. А жонам іх савіта (у падвойнай меры).

…Маець быці ім давана на страву так многа, яка тут ніжэй напісана: (…) ваўкавыйскім паслом дваццаць коп грошай, слонімскім паслом дваццаць коп грошай, віцебскім паслом шэсцьдзесят коп грошай.

Такім чынам, можна лічыць, што “капа грошай” – адна з нашых грашовых адзінак. Іншыя “наміналы” – тузін грошай (12). 5 тузіноў грошай, адпаведна раўняюцца адной капе грошай.

Трэба ўспомніць таксама, чаму дзве, тры, чатыры – капе. Гэта так званы дуаліс – падвойны лік. У Статуце гэтая архаічная форма граматычнай катэгорыі ліку – рэгулярная. Яна дагэтуль бытуе ў жывой мове, але пачуць яе можна, на жаль, толькі ў сяле:

Коўбавічы гэто некалі было ве́ліко сяло. (…) У вайну ўсё сяло згарэло, анно дзве хаце засталіся што Ліда Дэліха жыла (ці помніш?) ды Геніна хата. (Жыхарка в. Колбавічы, Баранавіцкага раёну, запіс2014 г.)

Чаму тузіны і копы? Проста такая была канвенцыя. Фунт стэрлінгаў гэдак жа сама як і капа грошай разменьваўся даўней паводле дванаццаткавай сістэмы рахавання. Кажуць, што гэтая даўняя сістэма вельмі зручная, бо тузін (12) можна падзяліць аж на 2,3,4,6.

Раўналежна хадзілі дробныя манеты – шэлягі (аднакарэннае да “шылінг”). Гэтае слова перахавала беларуская фразеалогія – шэлягу не варты, гарэлы (зламаны) шэляг.

Ужо і сам парторг Інстытута (…) дзеля выгляду таксама і ў гэтым інстытуце займаў пасаду навуковага работніка, хоць навуковае працы ад яго ніхто і на гарэлы шэляг не бачыў… Глыбінны

Дарагою манетай, яка была вартая некалькі коп грошай, быў талер біты. Талер або таляр таксама захаваўся ў нашай фразеалогіі. Назва, дарэчы, таго самага паходжання, што даляр. 

Былі яшчэ дробныя асьмакі, чацвертакі, залатоўкі… Мноства ўсякіх побытавых назваў грошай. Нават розныя сістэмы рахавання ў нас былі – дванаццаткавая, дзясяткавая, шэсцьдзесяткавая… Адным словам, нам ёсць з чаго выбіраць – многа матэрыялу на фантастычныя, светлыя ды шалёныя ідэі.

Але быць можа і добра, што нашы эканамісты не чапаюць пакуль нашых прыгожых назваў рукамі. Бо хацелася б, мабыць, каб талер з шэлягам не ператвараліся раптам у смецце, як гэта робяць рубель з капейкай.

Лявон Маліноўскі, “Наша Ніва”.

Размаўляем па-беларуску: вадзіцца – слова, якое не чуваць у мове гараджан

Размаўляем па-беларуску: як правільна да слова эспрэса дапасаваць прыметнік

Размаўляем па-беларуску: як правільна перакласці слова “общаться”

Цуранне беларускіх словаў, упіхванне ў неакадэмічныя слоўнікі і жука і жабы – развагі пра тое, што чакае беларускую мову

Беларускай мовы няма на карце галоўных моў свету

Ці праўда, што па-беларуску не кажуць “добрай раніцы”


Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – вытворца сувеніраў з фотаздымкам прыватны прадпрымальнік Віталь Пагуда.

Хочаце бачыць блізкіх людзей нават, калі вы не разам. Выдатнае рашэнне – кубачак з фотаздымкам вашых блізкіх. Ён не кідаецца у вочы, як фотарамка. Таму вашых блізкіх не будуць разглядаць калегі альбо незнаёмыя людзі.  А вы будзеце заўсёды адчуваць падтрымку родных вачэй і мілы позірк.

Таксама вы можаце замовіць фота на талерку, майку, бірульку і многае іншае. Гэта выдатны і нечаканы падарунак на любую ўрачыстасць!

Сувеніры з фотаздымкам – мы здольныя спыніць шчаслівыя імгненні.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 169-17-68, (8033) 313-89-64.

ІП Пагуда В.Д. УНП 691503039